BE RU EN

МВФ: Праз пяць гадоў узровень жыцця ў Расеі будзе як у Туркменістане

  • 27.10.2020, 20:42

РФ працягне спаўзаць уніз у рэйтынгу краін па ўзроўні жыцця.

Расея працягне спаўзаць уніз ў рэйтынгу краін па ўзроўні жыцця, мяркуе Міжнародны валютны фонд.

Паводле вынікаў 2020 года РФ зойме 68-е месца ў свеце па ВУП на душу насельніцтва, вынікае з блока кастрычніцкіх прагнозаў фонду, паведамляе finanz.ru.

У сярэднім на чалавека расейская эканоміка згенеруе 9,97 тысячы даляраў валавога ўнутранага прадукту - на 1,6 тысячы, або 14% менш, чым годам раней.

ВУП на чалавека, пералічаны ў даляры, які ўважаецца індыкатарам сярэдніх даходаў насельніцтва, вернецца ў Расеі на ўзроўні 2016-17 гг. Агульны ж аб'ём ВУП у даляравым выразе скоціцца да адзнак 13-гадовай даўніны - 1,5 трлн даляраў, ацэньвае фонд.

Да 2025 годзе Расея страціць яшчэ дзве пазіцыі ў рэйтынгу краін па ВУП на душу насельніцтва і адкоціцца на 70-ы радок з паказчыкам 12,97 тысячы даляраў, прагназуе МВФ.

У выніку ўзровень жыцця ў РФ практычна зраўняецца з паказчыкам Туркменістана (12,85 тысяч даляраў). Зараз Расея апярэджвае Туркменістан амаль на 20%, але гэты разрыў будзе амаль цалкам ліквідаваны ў найбліжэйшыя 5 гадоў, уважае фонд.

Абагнаць Расею, паводле разлікаў МВФ атрымаецца таксама Казахстану: сёлета ён займае 74-е месца ў ВУП на чалавека сумаю 8,78 тысячы даляраў, а да 2025 года паднімецца на 69-ы радок з 13,09 тысячы.

Далёка наперад сыдзе Балгарыя, якая сёлета саступае Расеі адно месца ў рэйтынгу з паказчыкам 9,83 тысячы даляраў. Да 2025 года гэта будзе 14,86 тысячы і 66-е месца.

Кітай абагнаў Расею ў 2020 годзе і будзе толькі павялічваць адрыў, уважае МВФ: яго ВУП на чалавека вырасце з 10,84 тысячы даляраў да 16,28 тысячы ў 2025 годзе.

Зараз, паводле разлікаў МВФ, Расея ў 4,5 разы адстае па ўзроўні жыцця ад развітых краін - 46,35 тысячы даляраў ВУП на душу насельніцтва. Да 2025 года гэты паказчык вырасце да 58,65 тысячы даляраў, а адставанне стане амаль 5-разовым.

У кастрычніку, МВФ, нагадаем, палепшыў прагноз што да расейскай эканомікі на гэты год, і цяпер замест 6,6% спаду чакае 4,1%.

Прагноз на 2021 год тым часам быў зніжаны на 1,3 працэнтнага пункта, да 2,8%.

Паводле разлікаў фонду, пастковідны рост эканомікі будзе амаль удвая больш павольны за сярэднесусветны (5,2%) і больш чым утрая адстане ад сярэдняга па краінах, якія развіваюцца (6%).

Адзінай буйной эканомікай, чые паказчыкі будуць яшчэ горшыя, згодна з прагнозам фонду, стане Японія (+2,3%). Супастаўную млявасць прадэманструе Бразілія (2,8%).

Эканоміка ЗША вырасце на 3,1%, Нямеччыны - на 4,2%, Францыі - на 6%, зоны еўра агулам - на 5,2%. Кітай і Індыя прадэманструюць рост на 8,2% і 8,8% адпаведна.

Апошнія навіны