BE RU EN

Байдэн запатрабаваў увесці санкцыі супраць асяродку Лукашэнкі

  • 28.10.2020, 16:57

Афшорныя рахункі памагатых дыктатара маюць быць замарожаныя.

Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн заявіў, што ў выпадку свайго абрання ўзмоцніць ціск на паплечнікаў Лукашэнкі. Ён таксама паабяцаў працаваць над планам эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, паведамляе Reuters.

- Міжнародная супольнасць мае істотна павялічыць санкцыі ў дачыненні да памагатых Лукашэнка і замарозіць афшорныя рахункі, на якіх яны захоўваюць сваё скрадзенае багацце, - гаворыцца ў заяве Байдэна.

Ён таксама паабяцаў, што ў выпадку перамогі на выбарах будзе працаваць «з еўрапейскімі партнёрамі і хаўруснікамі, каб распрацаваць план эканамічнай падтрымкі сапраўды суверэннай, дэмакратычнай Беларусі».

- Да таго часу я буду разам са Святланай Ціханоўскай і беларускім народам далей заклікаць да мірнай перадачу ўлады, вызвалення ўсіх палітычных вязняў ды вольных і сумленных выбараў, каб беларускі народ у канчатковым рахунку мог рэалізаваць свае дэмакратычныя правы, за якія было прынесена столькі ахвяр, - адзначыў Байдэн .

Кандыдат у прэзідэнты ЗША таксама асудзіў працяг парушэння ў краіне правоў чалавека.

Нагадаем, раней ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да васьмі беларускіх афіцыйных асоб, сярод якіх прадстаўнікі МУС і Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Апошнія навіны