Вызвалены палітвязень Віталь Шкляроў ужо знаходзіцца ў ЗША
- 28.10.2020, 12:36
Ён знаходзіцца ў шпіталі.
Вызвалены палітвязень, паліттэхнолаг Віталь Шкляроў ужо вярнуўся ў ЗША, цяпер ён у Вашынгтоне, паведамляе «Радыё Свабода». Ён знаходзіцца ў кардыялагічным аддзяленні шпіталя.
Хто такі Віталь Шкляроў
Віталь Шкляроў быў фігурантам «справы Ціханоўскага», хоць яшчэ да затрымання заяўляў, што не быў кансультантам Сяргея Ціханоўскага і ніколі на яго не працаваў.
«Следства не закончанае, крымінальная справа не скончаная. Мы напісалі хадайніцтва аб дазволе на выезд, яго задаволілі, таму Віталь з'ехаў адразу да сям'і і паправіць сваё здароўе пасля перанесенага каранавіруса», - паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» адвакат Шклярава Антон Гашынскі ў аўторак.
Гашынскі падкрэсліў, што атрыманы дазвол на выезд.
«Гэта, безумоўна, вынік званка Пампэа. Менавіта вызваленне Віталя было асноўнай мэтай і прычынай званка», - падкрэсліў ён.
Ураджэнец Гомеля пазіцыянуе сябе як амерыканскі, нямецкі і расейскі палітычны кансультант, дарадца выбарчых кампаній Барака Абамы, Берні Сандэрса, Ангелы Мэркель, Ксеніі Сабчак ды іншых.
Жонка Шклярава - грамадзянка ЗША, яна працуе ў пасольстве ў Кіеве. У сувязі з гэтым ён мае амерыканскі дыпламатычны пашпарт.