Працоўны «Гродна Азоту» распавёў, як адбываецца страйк на прадпрыемстве
- 28.10.2020, 13:06
Змену не перадаюць ужо трэці дзень.
Андрэй Ханевіч, апаратчык з «Карбаміда-3», старшыня першаснай арганізацыі БНП на «Гродна Азоце», распавёў тэлеграм-каналу «Краіна для жыцця», як адбываецца страйк на прадпрыемстве:
«У аўторак з раніцы рабочыя цэха «Карбамід-4» адмовіліся прымаць змену. Змену не перадаюць ужо трэці дзень.
У цэху ёсць чатыры змены, якія дзяжураць на ЦКП. Яны змяняюцца кожныя дванаццаць гадзін, працуюць з васьмі раніцы і да васьмі вечара, і наадварот. Кожная складаецца з пяці-шасці аператараў і начальніка змены.
Зменны персанал у ноч з панядзелка на аўторак прыйшоў на працоўнае месца, але да працы не прыступіў. Ранішняя змена паступіла аналагічна - прынамсі з аднаго рабочага зменнага складу ў гэтым цэху здзекаваліся ў аўтазаку ў панядзелак, і ягоныя таварышы праяўляюць салідарнасць.
За пультам увесь гэты час знаходзяцца ІТР. Пакуль не здарыцца няштатная сітуацыя - гэтага дастаткова. Калі няштатная сітуацыя здарыцца, то патрэбная будзе праца ўсяго зменнага складу. Гэта нагадвае працу лётчыкаў - пакуль усё штатна, спраўляецца аўтапілот, але пілоты ў бесперапыннай гатоўнасці да пераходу на ручное кіраванне.
Тут трэба разумець, што хлопцы клапоцяцца пра свой цэх, яны не хочуць, каб з ім нешта адбылося. І на працы яны знаходзяцца, каб, у выпадку чаго, дапамагчы спыніць цэх.
Настроеныя на перамовы, але іх няма каму прадстаўляць. Тры патрабаванні палітычныя, незалежны прафзвяз іх перадаць далей не можа, а наймальнік не хоча.
Дыялог з галоўным інжынерам Сяргеем Селівонікам:
- Трэба працаваць.
- Трэба, каб закон працаваў. Будуць выконваць закон - будзем выконваць службовыя інструкцыі.
- Я не магу разглядаць вашы палітычныя патрабаванні.
- Не бярыце, перадайце на разгляд.
- Усё, спыняйце цэх.
- Не. Гэта вы павінны аддаць загад на прыпыненне цэха праз недахоп персаналу, без загаду гэта падсудная справа.
Сітуацыя для прадпрыемства пагаршаецца тым, што невядома, колькі зменны персанал будзе прыходзіць на працоўнае месца. Некаторыя збіраюцца пісаць заяву на звальненне: «Такое трываць нельга».
Аўтаматыка можа спыніць цэх, і цягам дня яго можна зноў запусціць без асаблівай праблемы. Далей будзе больш складана.
Замяніць зменны персанал няма кім. Для новага чалавека - афіцыйная стажыроўка шэсць месяцаў, і яшчэ шэсць месяцаў трэба, каб ён стаў самастойным работнікам.
Кіраўніцтва тэлефанавала пенсіянерам, якія працавалі ў цэху раней. Але паводле інструкцыі пасля перапынення працы даўжынёй год ці больш работнік абавязаны прайсці ўсё тую ж шасцімесячную стажыроўку і здаць усе іспытыф.
Сёння дзённая змена зладзіла сход, галасавалі за тое, ці прадаўжаць стачку. Будуць прадаўжаць».