BE RU EN

Валер Карбалевіч: Кожны новы крок толькі пагаршае становішча Лукашэнкі

  • 28.10.2020, 15:09

Ствараецца ўражанне ліхаманкавай тузаніны і канвульсій.

У апошнія два тыдні абодва бакі палітычнага канфлікту ў Беларусі гуляюць нібы шахматную партыю. Яны робяць хады, рэагуючы на дзеянні апанента. Напрыклад, у адказ на выстаўленне Святланай Ціханоўскай «народнага ультыматуму» беларускім уладам да 25 кастрычніка апошнія абвясцілі аб правядзенні ў нядзелю грандыёзнага мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі. Ва ўсіх рэгіёнах была абвешчаная татальная мабілізацыя, піша ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Валер Карбалевіч.

І раптам 23 кастрычніка, у пятніцу, улады пратрубілі адбой. «Кіна» не будзе.

Тлумачэнні прычын адмовы ад мітынгу выглядаюць відавочна нязграбна. Нельга сур'ёзна ўспрымаць спасылку на каранавірус ці праблемы бяспекі. Як быццам пры планаванні мітынгу ўлады нічога не ведалі пра небяспеку пандэміі.

Відавочна, галоўная прычына ў тым, што ўлады ўсвядомілі абмежаванасць сваіх мабілізацыйных магчымасцяў. Яны, мабыць, прыйшлі да высновы, што імаверная колькасць удзельнікаў праўладнага мітынгу будзе меншай, чым на альтэрнатыўным мітынгу апанентаў Лукашэнкі. І гэта магло мець негатыўны эфект.

Прымусовая мабілізацыя людзей пад пагрозай звальнення выклікала канфлікты ў некаторых працоўных калектывах. Многія работнікі адмовіліся ўдзельнічаць у мерапрыемстве. Гэта значыць, мітынг мог стаць дадатковым фактарам незадаволенасці рэжымам.

Акрамя таго, у гэтую калону маглі пракрасціся праціўнікі Лукашэнкі. Заклікі да гэтага гучалі ў сацыяльных сетках. І разам з гвалтоўна мабілізаванымі людзьмі яны маглі сапсаваць усю гульню. Нешта такое адбылося ў Румыніі ў 1989 годзе. Тагачасны дыктатар Нікалае Чаўшэску сабраў мітынг у сваю падтрымку. Але неўзабаве пратэстоўцы пачалі выкрыкваць антыўрадавыя лозунгі, і Чаўшэску давялося бегчы.

Улічваючы, што праўрадавы мітынг праходзіў бы пад аховай міліцыі, разганяць, біць, затрымліваць удзельнікаў альтэрнатыўнай акцыі пратэсту было б не вельмі прыгожа. Гэта звязвала б рукі АМАПу.

У кожным выпадку, спачатку спроба арганізаваць мега-мітынг, а потым яго касаванне паказваюць на тое, у якім дэмаралізаваным стане знаходзіцца рэжым. Атрымаўся вялікі канфуз. Гэтая мітуслівасць стала чарговым самастрэлам уладаў. Касаваннем мітынгу Лукашэнка фактычна прызнаў, што ягоны электарат зусім невялікі, ды і ён выходзіць на абарону свайго лідара не спяшаецца. І грамадства гэта пабачыла. Атрымаўся такі палітычны эксгібіцыянізм, г.зн., добраахвотнае самавыкрыццё.

У апошнія дні беларускі палітычны крызіс набыў геапалітычны аспект. Вельмі знамянальнай падзеяй стаў візіт у Менск дырэктара Службы замежнай выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна. Наўрад ці можна сумнявацца, што ён прыехаў з пасланнем ад Пуціна.

Крэмль незадаволены паводзінамі Лукашэнкі. Таму што той не выконвае свае абяцанні, дадзеныя Пуціну ў Сочы. Аб гэтым можна судзіць па рэакцыі расейскіх тэлеканалаў. 18 кастрычніка вядоўца праграмы «Вынікі тыдня» на НТВ Ірада Зейналава заклікала Аляксандра Лукашэнку стрымаць свае абяцанні, калі ён хоча атрымаць наступную рату крэдыту.

Расея незадаволеная тым, што Беларусь не цалкам сплачвае запазычанасці за газ. Менск не выконвае сваё абяцанне пераарыентаваць транзіт беларускіх экспартных грузаў з партоў Балтыі ў расейскія парты.

Са слоў Зейналавай, Лукашэнка не выконвае абяцанне «правесці рэферэндум аб Канстытуцыі, пасля якога павінны адбыцца выбары... Для Расеі цяпер важнейшыя вынікі таго, як Лукашэнка зможа дамовіцца са сваім народам і як яго запэўненням вераць самі беларусы».

Расейскія афіцыйныя асобы не ўтойваюць, што ў Сочы кіраўнікі Беларусі ды Расеі дамовіліся аб транзіце ўлады. Лукашэнка павінен сысці цягам года-паўтара. Ён абавязаўся абвясціць тэрміны рэферэндуму аб Канстытуцыі, датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах. І ўсё гэта ў рэжыме дыялогу з грамадствам.

Але пакуль нічога гэтага не адбываецца. Беларускія дзяржаўныя СМІ шмат вяшчаюць аб новай Канстытуцыі, але нічога не кажуць аб датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах. Лукашэнка ўпарта пазбягае гэтага пытання, у надзеі даседзець да канца свайго пяцігадовага тэрміну. Ён выдатна разумее, што калі публічна абвясціць аб сваёй хуткай адстаўцы, то ягоны рэжым пачне рассыпацца, па ім можна будзе спраўляць паніхіду. Наменклатура стане паволі ад яго дыстанцыявацца, спрабуючы ўпісацца ў новую постлукашэнкаўскую канфігурацыю ўлады. І амапаўцы задумаюцца, навошта ім упірацца рогам дзеля гэтага ўладара. Таму Лукашэнка нічога не кажа нават аб графіку правядзення канстытуцыйнай рэформы.

А Масква імкнецца спыніць свавольства свайго хаўрусніка. Нарышкін прывёз у Менск чарговае папярэджанне Пуціна аб тым, што Лукашэнка вядзе небяспечную гульню.

У адказ Лукашэнка зрабіў ход канём. 24 кастрычніка адбылася ягоная тэлефонная размова з дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампэа.

Хачу нагадаць, што не так даўно Лукашэнка адмовіўся размаўляць з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель. А цяпер вось пагадзіўся пагаварыць з кіраўніком замежнапалітычнага міністэрства дзяржавы, якая, паводле афіцыйнай беларускай версіі, з'яўляецца галоўным арганізатарам «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі. І гэта пры тым, што ЗША не прызнаюць Лукашэнку легітымным.

Дзярждэпартамент ЗША патлумачыў званок Пампэа тым, што дзяржсакратар заклікаў спыніць крымінальны пераслед і выпусціць з Беларусі незаконна затрыманага грамадзяніна ЗША Віталя Шклярава.

Відавочна, што гэтая размова адбылася ў піку Маскве і стала адказам на расейскі ціск. Рэакцыяй на жорсткія патрабаванні Расеі стаў пошук прасторы для манеўру на заходнім кірунку.

Патрапіўшы ў палітычныя жорны, Лукашэнка круціцца, круціцца, манеўруе, імкнучыся ўсякім коштам утрымаць уладу. Але пакуль атрымліваецца не вельмі. Дзеянні ўлады сталі непаслядоўнымі, і гэта добра прыкметна звонку. Ствараецца ўражанне ліхаманкавага тузання за розныя рычагі ўладнай машыны. Але кожны новы крок толькі пагаршае становішча Лукашэнкі. Візіт у СІЗА КДБ і сустрэча з палітвязнямі была ацэненая як дэманстрацыя слабасці і толькі абвастрыла супрацьстаянне ў грамадстве. Спачатку абвясцілі аб мега-мітынгу ў падтрымку рэжыму, а потым скасавалі, што зрабіла вельмі неспрыяльнае ўражанне сярод палітызаванай публікі.

Тэлеканал АНТ паведаміў, што Лукашэнка праінфармаваў Пампэа «аб нацыянальным дыялогу, які цяпер актыўна вядзецца ў Беларусі». Смех у зале. Галоўным удзельнікам гэтага «дыялогу» з'яўляецца АМАП. А магчыма, за дыялог выдаюцца нязграбныя інтэрв'ю Юрыя Васкрасенскага.

25 кастрычніка ў Менску прайшоў чарговы марш пратэсту. Паводле ацэнак назіральнікаў, гэта самая масавая акцыя праціўнікаў рэжыму за апошні месяц. На вуліцы выйшла прыкметна больш за 200 тысяч чалавек. У нейкай ступені ультыматум Ціханоўскай сыграў ролю мабілізуючага фактару. Улады адказалі традыцыйна. У канцы маршу, калі народ ужо разыходзіўся, амапаўцы сталі кідаць у самую гушчу людзей светлашумавыя гранаты і страляць гумовымі кулямі. Ёсць параненыя.

У панядзелак, у дзень абвешчанага страйку, улады завялі на буйныя дзяржпрадпрыемствы супрацоўнікаў МУС і сталі затрымліваць рабочых. На прадпрыемствах і ва ўніверсітэтах пачаліся хваляванні. Некаторыя цэхі спыніліся. Многія прыватныя фірмы, у першую чаргу са сферы абслугоўвання, 26 кастрычніка не працуюць. Інакш кажучы, заклік Святланы Ціханоўскай да ўсеагульнага палітычнага страйку стаў сігналам да новага вітка пратэстаў.

Апошнія навіны