Чым скончыўся пратэст студэнтаў каля БДМУ
- 28.10.2020, 21:32
Студэнты плануюць і заўтра збірацца ў падтрымку адлічаных аднагрупнікаў.
Да канца працоўнага дня ў розных тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя, што з БДМУ выкідаюць студэнтаў. Са слоў саміх маладзёнаў, ВНУ павінны пакінуць дзесьці 20-30 чалавек. Кіраўніцтва ўніверсітэта тое, што адбываецца пакуль ніяк не камэнтуе і дакладную лічбу адлічаных не называе. Прыкладна ў пяць вечара студэнты розных курсаў сталі збірацца ля рэктарата, каб праясніць сітуацыю і падтрымаць адлічаных. Дзесьці а 19.20 да ВНУ прыехалі сілавікі, піша tut.by.
Паліна Каржанеўская, студэнтка 3-га курса лячэбнага факультэта, - адна з адлічаных студэнтаў. Яна не адмаўляе сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі і ўдзелу ў акцыях ва ўніверсітэце. Са слоў дзяўчыны, у дакуменце аб адлічэнні, які ёй пакуль не выдалі на рукі, у яе, як і ў іншых студэнтаў, аднолькавыя фармулёўкі.
- Калі сваімі словамі, гучаць яны так: «парушэнне правілаў унутранага распарадку і зрыў навучальнага працэсу», - распавядае дзяўчына.
Са слоў Паліны, сёння яны даведаліся пра адлічэнне 29 чалавек: 15 з лячэбнага факультэта, 12 - з педыятрычнага і двух з фармацэўтычнага. Паводле іншых звестак, адлічылі блізу 20 чалавек.
Увечары падтрымаць адлічаных да рэктарата прыйшлі студэнты і некалькі выкладчыкаў. Прыехалі і бацькі некаторых студэнтаў.
- Рэктар выйшаў да нас на размову, але дакладных адказаў на пытанні мы так і не атрымалі, - кажа адна са студэнтак, якая прыйшла падтрымаць адлічаных. - Нам сказалі, яны адлічаны за прагулы 26 кастрычніка, але я ведаю тых з іх, хто быў у гэты дзень на парах.
У падтрымку адлічаных студэнты сталі збіраць подпісы. За адну са студэнтак - Яну Зябко - падпісалася больш за сто чалавек. Хлопцы гавораць, што плануюць і заўтра збірацца ў падтрымку таварышаў.
Са слоў відавочцаў, паралельна з тымі, хто стаяў унутры ВНУ, група падтрымкі стала збірацца і каля галоўнага корпуса. Сярод іх медык Ірына. Яна распавяла, што дзесьці а 19.20 пад'ехалі сілавікі.
Затрыманняў яна і карэспандэнт tut.by не бачылі. Студэнтаў і групу падтрымкі адціснулі ад галоўнага ўваходу. Маладзёны разышліся, а некалькі чалавек на ходніку сталі ў ланцуг салідарнасці каля будынка БДМУ.
Атрымаць афіцыйны каментар ВНУ, а таксама даведацца дакладную колькасць адлічаных не ўдалося. У рэктараце нам паведамілі, што ў чацвер раніцай прэс-сакратар ВНУ пракаментуе сітуацыю.