Дональд Туск: Лукашэнка саступіць у гэтай бітве
- 29.10.2020, 8:56
Беларусы блізкія да перамогі, і гэта надае аптымізму.
Дональд Туск, старшыня Еўрапейскай народнай партыі, які цягам пяці гадоў узначальваў Еўрапейскую раду, у інтэрв'ю "Радыё Свабода" заявіў, што Еўропа магла б больш актыўна падтрымліваць Беларусь. Для гэтага, на ягоную думку, трэба аб'яднаць намаганні і абаперціся на грамадскую думку. На думку Туска, у апошнія месяцы Еўропа надае асноўную ўвагу барацьбе з эпідэміяй каранавіруса, і гэта значна ўскладняе рэакцыю на беларускія падзеі.
- Вы добра ведаеце Беларусь і яе кіраўніка, бо займалі пасаду прэм'ер-міністра Польшчы і старшыні Еўрапейскай рады. На вашу думку, Еўрапейскі звяз недаацаніў праблему Лукашэнкі?
- Найперш варта звярнуць увагу на той факт, што Еўразвяз не мае жорсткай сілы, у нашым распараджэнні так званая мяккая сіла, і гэта ў тым ліку да Лукашэнкі і ўсёй Беларусі. Гэта азначае, што наша роля была і, вядома, застаецца ў тым, каб уплываць і падтрымліваць пэўныя грамадскія рухі, людзей, няўрадавыя арганізацыі, дэманстраваць, як працуюць дэмакратычныя прынцыпы і гэтак далей. З гэтай прычыны я думаю, што ЕЗ у цэлым у большай ці меншай ступені, і я магу сказаць тое ж самае пра сябе, калі я ўзначальваў польскі ўрад у 2012-13 гадах... нам не ставала нестандартных пастаноў, і падтрымкі было, вядома, недастаткова . Заўсёды можна зрабіць, без сумневу, больш, з улікам усіх абставін.
Перш за ўсё, вядома, я маю на ўвазе розныя інтарэсы і рознае стаўленне да адной і той жа тэмы сярод краін Еўразвязу, розныя падыходы да Расеі... Але нашыя агульныя намаганні, калі можна ўжыць такое словазлучэнне, наша агульная замежная палітыка былі даволі эфектыўнай. Я кажу пра Украіну падчас Еўрамайдану, а таксама пазней, падчас узніклага там канфлікту, вайны ў Данбасе. І вядома, гэта тычыцца і Лукашэнкі.
Галоўнае пытанне сёння не ў тым, што мы зрабілі, а ў тым, што мы можам цяпер зрабіць, а таксама, на мой погляд, і гэта з'яўляецца важным, што мы будзем рабіць у найбліжэйшыя некалькі месяцаў і гадоў. Таму што, і я хачу пра гэта нагадаць, мы стварылі праграму Усходняга партнёрства. На мой погляд, даволі шматспадзеўную. Мне здаецца, гэта найлепшы прыклад палітыкі мяккай сілы. Пры гэтым у нас, вядома, аб'ектыўна вельмі складаныя абставіны. І ў гэтай няпростай сітуацыі Еўразвяз і асобныя дзяржавы - чальцы ЕЗ на сваім нацыянальным узроўні прыкладалі пэўныя намаганні падчас апошніх месяцаў беларускіх пратэстаў. Сёння гаворка ідзе аб пандэміі, а да гэтага былі ўкраінскі крызіс, затым пачалася рэвалюцыя ў Беларусі, быў таксама фінансавы крызіс, міграцыйны, брэксіт, трампізм у Злучаных Штатах наступіў у крытычны момант нашых трансатлантычных дачыненняў. Усе гэтыя рэчы накладваюць абмежаванні на нашы намаганні ў дапамозе Беларусі, дапамозе людзям, якія жывуць у Беларусі і Украіне. З гэтай прычыны я мяркую, што дзеянні Еўразвязу даволі паспяховыя. А калі вы спытаеце, ці маглі б мы зрабіць больш, бясспрэчна, заўсёды можна зрабіць больш, чым было зроблена.
- Калі казаць акурат пра большае, што Еўразвяз можа зрабіць для дапамогі Беларусі?
- Як я ўжо сказаў, самым важным пытаннем застаецца мабілізацыя ўнутры ЕЗ на нашым узроўні і на нацыянальных узроўнях - важна, якім будзе грамадскае меркаванне найбліжэйшыя месяцы. Таму што я асцерагаюся, і гэта тое, што ўсе мы адчуваем у апошнія дні, - велізарны адбітак на ўсе наклала пандэмія каранавіруса. Таксама мы павінны засцерагчы Еўразвяз ад таго, што называюць "стомленасць па-беларуску". Яна існавала, калі я быў старшынём Еўрапейскай рады. І не толькі для мяне барацьба з гэтай стомленасцю была адным з вялікіх выклікаў. Як захаваць згуртаванасць Еўропы і адначасова мабілізавацца - супрацьстаяць Пуціну і яго дзеянняў ва Украіне? Я не сумняваюся, што тое ж самае мы будзем назіраць і ў выпадку Беларусі, але праблема сёння, вядома, значна складанейшая праз пандэмію. Цяпер надышоў момант расказаць вам пра пэўныя дэталі.
Не ўсе ў ЕЗ ведаюць, наколькі шырокая і наколькі складаны абшар нашай дапамогі. Я маю на ўвазе фінансавую дапамогу, і тут я магу згадаць, напрыклад, Фонд у падтрымку дэмакратыі, вельмі эфектыўную НКА, якая здольная дапамагчы беларускай рэвалюцыі ў некаторых лагістычных і фінансавых аспектах. Палітычныя намаганні. Тут найлепшым з магчымых прыкладаў, як займацца такой праблемай, як крызіс у Беларусі, з'яўляецца літоўскі ўрад. Сімвалічнай падтрымкай стала Сахараўская прэмія для беларускай апазіцыі. Самае галоўнае - наладзіць выключнае супрацоўніцтва, у якім спалучаюцца станоўчыя эмоцыі, а таксама намаганні як унутры Беларусі, так і за яе межамі, гэта значыць у Еўразвязе.
Ведаеце, я дагэтуль знаходжуся пад уражаннем ад апошняй сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і іншымі лідарамі беларускай апазіцыі. У нейкім сэнсе яны вялікія рамантыкі, вельмі мужныя, нават гераічныя. У той жа час яны вельмі рэалістычныя, вельмі адказныя. І яны ведаюць, што магчыма і што немагчыма, калі гаворка ідзе пра дапамогу Еўразвязу. Яны ўсведамляюць той факт, што ў нас ёсць пэўныя абмежаванні, уключаючы пэўныя адрозненні ў ацэнцы адной і той жа праблемы дзяржавамі-чальцамі ЕЗ. Што сапраўды важна, дык гэта тое, што ніхто ў Беларусі не павінен ад гэтага адмаўляцца, таму што яны сапраўды блізкія да перамогі. Я думаю, што магу сказаць гэта, абапіраючыся на асабісты досвед, таму што я дагэтуль памятаю сябе маладым змагаром у камуністычнай Польшчы. Я дагэтуль памятаю людзей на вуліцах, амапаўцаў, якія б'юць народ... Але ў той жа час я памятаю, наколькі эфектыўным можа быць мірны супраціў. Менавіта гэта і адбываецца ў Беларусі. Такой была і ацэнка маіх беларускіх суразмоўцаў, што мы павінны быць вельмі асцярожныя, і смела настроеныя. Пры гэтым адно для мяне абсалютна ясна, што наша дапамога і палітычная падтрымка беларускай рэвалюцыі - гэта не толькі маральны абавязак. Адначасова гэта наш вельмі рацыянальны разлік.
Вось чаму я так аптымістычна настроены. Яшчэ і таму, што амаль усе лідары, з якімі я сустракаўся ў апошнія некалькі месяцаў, адзначаюць той факт, што Лукашэнка саступіць у гэтай бітве. І нават калі не гэтую бітву, то гэтую вайну, задуманую ім супраць свайго ж народа і беларускай грамадзянскай супольнасці. Гэта азначае, што наша ўцягнутасць, наш удзел - гэта не толькі, як я ўжо сказаў, маральны абавязак, але і вельмі рацыянальны палітычны разлік. Таму я вельмі аптымістычна гляджу на працяг скаардынаванай падтрымкі Беларусі.