Францыя ўзмацніла карантын
- 29.10.2020, 11:47
Абмежаванні будуць дзейнічаць мінімум да 1 снежня
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў аб узмацненні жорсткасці карантынных захадаў у краіне. Пра гэта паведамляе сайт Charter97.org са спасылкай на французскія СМІ.
З 30 кастрычніка пакідаць дамы будзе дазволена толькі з важкіх прычын: на працу, да лекара, у краму, дапамагчы блізкаму, а таксама падыхаць паветрам.
Школы і дашкольныя дзіцячыя ўстановы працягнуць працаваць са строгім захаваннем правіл санітарнай засцярогі.
Вышэйшыя навучальныя ўстановы будуць працягваць працу онлайн. Усюды, дзе магчыма, варта перайсці на дыстанцыйную працу.
Бары, рэстарацыі і крамы, акрамя тых, што гандлююць таварамі першай неабходнасці, павінны быць зачынены. Закрытыя сходы будуць выключаныя, публічныя сходы забароненыя.
Абмежаванні будуць дзейнічаць мінімум да 1 снежня на ўсёй тэрыторыі кантынентальнай Францыі.