Бацькі зладзілі «халодны душ» дырэктару гімназіі, які нацкаваў АМАП на дзяцей
- 30.10.2020, 15:26
Больш за сотню менчукоў прыйшлі на стыхійную акцыю.
Сёння раніцай у гімназіі №4 Менска адбыўся стыхійны бацькоўскі сход, паведамляе rebenok.by.
Больш за сотню менчукоў прыйшлі на сустрэчу з дырэктарам. Яны выказалі сваё абурэнне, бо ўчора ў гімназію прыязджалі супрацоўнікі міліцыі ў шаломах і бронекамізэльках і напалохалі дзяцей.
Як высветлілася, супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС прыехалі на выклік «трывожнай кнопкі», каб затрымаць мужчыну, які прыйшоў да гімназіі з плакатам «Вы неймаверныя».
Мянчук выявіўся бацькам вучняў гімназіі. Мужчыну завуць Андрэй Асіпенка, у яго чацвёра непаўналетніх дзяцей, трое вучацца ў гэтай школе.
Бацька хацеў падтрымаць школьнікаў, якія выконвалі беларускамоўныя песні і выступалі з акцыямі пратэсту на перапынках. Пасля ўчорашняга затрымання жонка знайшла свайго мужа ў ізалятары на Акрэсціна.
Бацькі вучняў спрабавалі даведацца ў дырэктара, хто і навошта выклікаў міліцыю на аднаго з бацькоў. Прысутныя былі абураныя тым, што адміністрацыя не змагла развязаць сітуацыю мірна.
- Чаму вы самі да гэтага мужчыну не падышлі? Вы ведаеце яго. Ён жа ўваходзіў у апякунскую раду! - пыталіся бацькі.
- Дзе былі вашы намеснікі? Дзе былі педагогі? Усё, што вы зрабілі, гэта выклікалі міліцыю на чалавека з пазітыўным плакатам!
Дырэктар Андрэй Гоцман патлумачыў, што спрацавала кнопка трывожнай сігналізацыі. Ён сам у гэты час знаходзіўся на нарадзе і не ведаў, што гаворка ідзе пра каго-небудзь з бацькоў вучняў.
З ягоных яго слоў, на тэрыторыі гімназіі з'явіўся «незразумелы чалавек з плакатам», і вахцёрка павінна была гарантаваць дзецям бяспеку, бо не ведае ўсіх бацькоў у твар:
- Калі б тут бегаў псіхічна хворы чалавек і падыходзіў да дзяцей, вы б першыя потым пыталіся мяне: чаму вахцёрка не выклікала міліцыю, - сказаў дырэктар. - Ён разгарнуў плакат. Вахцёр здалёку не бачыць, што там.
- Дык няхай паглядзіць, - даносіцца з натоўпу. - Тым больш што яна сама бегала за гэтым татам і абражала яго.
Андрэй Гоцман удакладніў, што пазнаў у мужчыне аднаго з бацькоў, калі таго ўжо затрымалі.
- Вы маглі скасаваць выклік міліцыі! Чаму не зрабілі? - пачулася ў адказ.
- Ён быў ужо затрыманы, калі я выйшаў.
- Няпраўда! - закрычалі бацькі. Яны наперабой казалі пра тое, што ім цяпер страшна і за сябе, і за дзяцей. І гэта ненармальна.
- А падыходзіць да школы з плакатам - гэта нармальна? - паспрабаваў парыраваць Андрэй Гоцман. - Цяпер не час хадзіць каля школы з плакатамі.
- Гэта што, забаронена? Якім законам? Што такога крымінальнага было на плакаце, што гэта дало права затрымаць мужчыну?
- Сёння бацькам не трэба стаяць з плакатам, - паўтарыў дырэктар.
- На ім жа пазітыўныя словы! - здзіўляліся бацькі.
- Заклік да мітынгу... - пачаў было Гоцман, але ягоныя словы патанулі ў дзясятках воклічаў:
- Які заклік? Вы аб чым? Ён ні да чаго не заклікаў. Агучце, калі чулі.
Дырэктар дапоўніў сваю версію: мужчына з плакатам прасіў дзяцей выйсці на ганак. Бацькі зноў сталі крычаць, што гэта няпраўда. І паўтаралі, што дзеці спалохаліся міліцыі.
- Мая дачка ўчора была вельмі напалоханая, настолькі, што сёння не змагла пайсці ў школу. Навошта вы выклікалі міліцыю? - чарговым разам спытаў адзін з бацькоў. - Я дачцэ ўчора праз тэлефон даслоўна па кроках казаў, як ісці дадому. Яна стаяла, сцяўшыся, і чакала, што я прыйду і забяру яе.
Людзі, якія сабраліся, запатрабавалі ў Андрэя Гоцмана, каб ён распачаў канкрэтныя крокі для вызвалення мужчыны. Але адказу не было.
Пасля 20 хвілін дыскусіі дырэктар спаслаўся на занятасць і вярнуўся ў гімназію. Бацькі некалькі разоў пракрычалі яму: «Ганьба!».
Журналісты звязаліся з жонкай затрыманага мужчыны Ірынай Асіпенкай. Яна толькі што даведалася, што мужу далі 15 дзён арышту.
- Хвілін 40 таму скончылася паседжанне. Мы з адвакатам не паспелі. Я ў памочнікаў суддзі ўдакладніла: мужу далі па максімуму. Чаму так - незразумела. У нас чацвёра непаўналетніх дзяцей.
Ірына думае над тым, як абскардзіць вырак суда. Дзе муж знаходзіцца цяпер, яна не ведае.