Інжынер-праграміст МАЗа далучыўся да стачкі
- 30.10.2020, 15:26
Гэта першы работнік прадпрыемства, які публічна абвясціў, што далучаецца да нацыянальнага страйку.
Уладзіслаў Тыльковіч, інжынер-праграміст прадпрыемствы МАЗ, далучыўся да агульнанацыянальнага страйку, паведамляе тэлеграм-канал «Рэальная Беларусь».
«Паглядзеў на азотаўцаў у стачцы, у аўторак стала вядома, што страйкуе БДУІР і 38 выкладчыкаў, а Лукашэнка сказаў, што будзе ўсіх страйкоўцаў звальняць. Надакучыла гэта беззаконне.
І я адважыўся выказаць салідарнасць. У сераду, 28 кастрычніка, не прыступіў да працы. Невыносна працавпаць, калі тры месяцы адбываецца гвалт, і ніхто яго не спыняе. Як потым глядзець у вочы сябрам і калегам?
Пакуль ніхто не палохаў. Проста чатыры разы прасілі, каб на пагадненне бакоў сышоў, а я адмовіўся. Ну, казалі, навошта табе артыкул у працоўнай. Ніхто не палохаў! Пішу кожны дзень тлумачальную, чаму працаваць не буду».
Гэта першы работнік МАЗа, які публічна абвясціў, што далучаецца да нацыянальнага страйку. У яго тлумачальных тры патрабаванні, трэцяе сфармуляванае проста: «Хачу, каб былі сумленныя справядлівыя выбары».