Арвідас Анушаўскас: Мы хочам, каб санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі насілі агульнаеўрапейскі характар
- 30.10.2020, 16:47
Літоўскія кансерватары, якія перамаглі на выбарах, заявілі аб яшчэ большай падтрымцы беларускай дэмакратыі.
Пасля другога тура парламенцкіх выбараў у Літве найбольшую колькасць месцаў у новым складзе Сейма атрымае партыя «Саюз Айчыны - Хрысціянскія дэмакраты Літвы». Яны здолелі правесці ў нацыянальны парламент 50 сваіх прадстаўнікоў, паведамляе «Голас Амерыкі».
Чакаецца, што літоўскія кансерватары складуць кааліцыю з Рухам лібералаў і Партыяй свабоды, якія атрымалі адпаведна 13 і 11 месцаў у Сейме.
Пакуль невядома, хто стане чарговым міністрам замежных спраў Літоўскай Рэспублікі. Лінас Лінкявічус, які займаў гэтую пасаду са снежня 2012 года, не змог быць выбраным у новы склад Сейма.
Тым часам лідар кансерватараў Габрыэлюс Ландсбергіс сказаў, што замежная палітыка краіны, у асноўным «і далей будзе грунтавацца на тых жа або на падобных прынцыпах, на якіх яна грунтавалася дагэтуль». І патлумачыў: «Гэта азначае стратэгічнае партнёрства паміж суседзямі, як з Балтыйскімі дзяржавамі, так і з Польшчай, несумненна, трансатлантычнае звяно, якое ўвогуле з'яўляецца гарантам нашай бяспекі».
Пры гэтым, са слоў Габрыэлюса Ландсбергіса, некаторую карэкціроўку можа зазнаць беларускі накірунак замежнай палітыкі Літвы: «Я думаю, што павінна прадаўжацца і ўзмацняцца ўвага да беларускай апазіцыі. Я думаю, што тут мы можам умацаваць гэтую ўвагу, надаючы рэальную і фінансавую, і палітычную дапамогу тым людзям, якія цяпер знаходзяцца ў Літве, змагаюцца за дэмакратычную будучыню Беларусі», - сказаў ён на прэс-канферэнцыі пасля другога тура парламенцкіх выбараў у Літве.
Абраны ў Сейм на новы тэрмін ад партыі «Саюз Айчыны - Хрысціянскія дэмакраты Літвы» Арвідас Анушаўскас (Arvydas Anušauskas) мяркуе, што афіцыйна Вільня ў пэўнай ступені ўжо ажыццяўляе гэтыя палажэнні. «Калі мы даведаліся пра фальсіфікацыю вынікаў выбараў у Беларусі, Сейм Літвы прыняў адпаведную рэзалюцыю аб сітуацыі ў гэтай краіне. Мы падтрымлівалі кантакты з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі як да выбараў, так і пасля іх. І далей будзем іх падтрымліваць. І тыя людзі, якія просяць палітычнага прытулку ў Літве, таксама знаходзяць нашу падтрымку», - сказаў літоўскі палітык у гутарцы з карэспандэнтам Расейскай службы «Голаса Амерыкі».
Са слоў Анушаўскаса, гэтая падтрымка мае асаблівае значэнне, бо Літва прадстаўленая ва ўсіх структурах еўра-атлантычнай супольнасці.
Што ж тычыцца палітыкі будучага складу МЗС, то Арвідас Анушаўскас нагадаў, што Лукашэнка вымусіў Літву скараціць сваё дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Менску. «Але я думаю, што пераемнасць (з палітыкай папярэдняга міністра замежных спраў - рэд.) будзе, а таксама будзе гучаць наш больш рашучы голас у еўрапейскіх інстытуцыях. Таму што мы спрабуем, каб уведзеныя намі санкцыі супраць некалькіх дзясяткаў беларускіх палітыкаў, вінаватых у пераследзе мірных дэманстрантаў, былі не толькі нашай ініцыятывай, але насілі б агульнаеўрапейскі характар», - падкрэсліў ён.