У Берасці лукашысты затрымалі чатырох лекараў дзіцячай бальніцы
- 30.10.2020, 20:31
Лекары выйшлі на акцыю выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю.
30 кастрычніка а 17.00 берасцейскія лекары Руслан Брынчук і Раман Клімовіч выйшлі з плакатам «звальняючы лекараў, скарачаеш жыцці» да скрыжавання праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Праз 15 хвілін хірурга і ўролага з дзіцячай абласной бальніцы затрымалі міліцыянты, паведамляе tut.by.
На акцыю салідарнасці берасцеец Руслан Брынчук адправіўся пасля працы. А 16.45 ён выйшаў з Берасцейскай дзіцячай абласной бальніцы ў суправаджэнні калегі-хірурга Рамана Клімовіча і пайшоў на скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. З сабой у Руслана былі плакат і ссабойка: зменная бялізна, цыгарэты, пашпарт.
- Я заўсёды да ўсяго гатовы, - пракаментаваў Руслан змесціва свайго пакета.
Са слоў Руслана, выйсці з плакатам ён наважыў, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю:
- Я не магу глядзець на тое беззаконне, якое робіцца з дня ў дзень, калі праліваецца кроў. Кожны дзень я апускаюся ў нейкую страшную казку. Калі раней збівалі, ламалі жыцці дарослым, то цяпер пераключыліся на дзяцей. Не ведаю, з чым мы застанёмся. Таму я не магу маўчаць і я гатовы выйсці і выказаць сваю пазіцыю.
У сямейным коле свае планы Руслан абмеркаваў толькі з дачкой. Жонцы нічога не казаў: не хацеў яе хваляваць.
- Дачка ў мяне вучыцца ў Польшчы. Яна сказала: «Тата, не трэба». А сыну 12 гадоў. Хутчэй, праз яго выходжу, - падзяліўся лекар.
А 17.00 Руслан і Раман надзелі белыя халаты, сталі на клумбу на скрыжаванні праспекта Машэрава з бульварамі Касманаўтаў і разгарнулі плакат. Да іх далучыліся яшчэ дзве жанчыны з плакатамі «Годзе крыві», «Пасадзіш нас сёння, хто ўратуе цябе заўтра». Праз некалькі хвілін ланцуг салідарнасці медыкаў вырас да пятнаццаці чалавек.
А 17.15 на перакрыжаванне прыехаў уазік міліцыі. Потым яшчэ два. Пачаліся затрыманні. Усяго са скрыжавання забралі чатырох лекараў: Руслана Брынчука, Рамана Клімовіча, Андрэя Вячорку і Дзмітрыя Чайкоўскага. З тых часоў тэлефон Руслана Брынчука не адказвае.