Гімнастка Меліціна Станюта: Уважаю, што я на правільным баку
- 31.10.2020, 13:17
Абсалютная большасць беларусаў супраць рэжыму.
Вядомая беларуская гімнастка Меліціна Станюта распавяла Brussels Morning (пераклад - «Трибуна») пра важнасць спорту для краіны.
- Уважаю, што я на правільным баку. Большасць беларусаў падзяляюць мой пункт гледжання. Погляды, усмешкі, цёплыя словы звычайных людзей, якія сустракаюць мяне на вуліцы і дзякуюць мне, кажуць пра тое, што я не памылілася. Акрамя таго, цяпер побач са мной іншыя людзі, якіх я заўсёды паважала. Мы на адным баку.
- Наколькі важны спорт для міжнароднага іміджу рэжыму?
- Лукашэнка часта заяўляў, што Беларусь - спартыўная краіна, і заўсёды стараўся быць часткай гэтага кірунку. Удзельнічаў у турнірах, лічыў сябе «спартовым экспэртам». Лукашэнка ведае, што краіна ганарыцца сваімі спартоўцамі, што спартоўцы больш, чым дыпламаты, таму што менавіта дзякуючы нам замежнікі могуць чуць, бачыць і пазнаваць Беларусь.
Але я ўпэўненая, што перамогі нашых спартоўцаў - гэта не асабістыя перамогі Лукашэнкі. Гэта перамогі каманд, якія трэніруюць спартоўцаў - трэнераў, асістэнтаў, масажыстаў, лекараў. Яны павінны ганарыцца кожнай перамогай. Але не Лукашэнка.