З беларускай «Камсамолкі» на знак пратэсту сышлі намесніца рэдактара і некалькі журналістаў
- 31.10.2020, 13:52
У пятніцу быў іх апошні працоўны дзень.
З'явілася інфармацыя пра хуткае прызначэнне новага галоўнага рэдактара ў «Комсомольской правде» в Беларуси». У той жа час некалькі журналістаў выдання заявілі пра сыход, піша tut.by.
Адразу некалькі журналістаў беларускай «Комсомолки» напярэдадні паведамілі пра тое, што сышлі з выдання - у пятніцу, 30 кастрычніка, быў іх апошні працоўны дзень.
«Не буду расказваць пра тое, што для мяне значыла гэтая праца, - скажу толькі, што ў снежні было б 20 гадоў, як я працую ў «Комсомольской правде» в Беларуси». Амаль палова жыцця... Так што так, гэта вельмі балюча. Але яшчэ больш балюча даюцца нейкія ўнутраныя кампрамісы, асабліва сёння», - распавяла ў сябе ў Facebook цяпер ужо былая намесніца галоўнага рэдактара Іна Качаткова.
Карэспандэнтка Вольга Івашэнка таксама паведаміла ў сваім Facebook, што пакінула выданне:
«Сёння мой апошні працоўны дзень у «Комсомолцы». Сабрацца з духам і ўсвядоміць, што з панядзелка выпадаю з навінавых падзей, - пакуль не магу. Рашэнне пра сыход давалася складана, і хочацца верыць, што хутка ўсе мы пераможам і ўсё стане на свае месцы. «Муры рухнуць», друкаваныя станкі ў друкарнях перастануць ламацца, рэжым накрыецца, і мы ўсе будзем жыць і працаваць у новай Беларусі».
Журналістка падзякавала калегам за 7 гадоў, якія прапрацавала ў выданні.
«А тое, што мы рабілі і перажывалі ў апошні час і за што паплаціліся, - застанецца са мной назаўжды. Упэўнена, гэта змяніла кожнага з нас», - напісала Івашэнка.
Таксама пра свой сыход паведамілі карэспандэнтка Эвіка Ота і рэдактарка Юлія Вайціцкая.
Выданне «Наша Ніва» выказала здагадку, што сыход журналістаў можа быць звязаны з планаванай зменай галоўнага рэдактара, у якасці магчымага кандыдата называючы вайсковага карэспандэнта маскоўскай «Комсомолки» Аляксандра Коца.
Наталля Галезнік, генеральная дырэктарка ЗАТ «БелКП-ПРЕСС», якая адказвае за выпуск беларускай версіі выдання, пацвердзіла, што пытанне прызначэння новага галоўнага рэдактара абмяркоўваецца, аднак заявіла, што ўсе падрабязнасці з'явяцца пазней.
- «Комсомольская правда» в Беларуси» працягвае выходзіць, а пра далейшыя рашэнні інфармацыя з'явіцца крыху пазней.
Нагадаем, у жніўні новым галоўным рэдактарам выдання стала Марына Бунакова, якая дагэтуль узначальвала падраздзяленне «Комсомолки» ў Хабараўску, а затым працавала ў галаўным офісе ў Маскве. З 31 жніўня яна змяніла Андрэя Ляўкоўскага, які прапрацаваў на гэтай пасадзе больш за 10 гадоў, але стаў першым намеснікам галоўнага рэдактара.
Да гэтага ў жніўні ў газеты ўзніклі складанасці з друкам і з распаўсюдам накладу. Некалькі нумароў адмаўляліся выпускаць у друкарні Дома друку «ў сувязі з паломкай абсталявання». У тых нумарах асвятлялася сітуацыя ў краіне, у тым ліку масавыя пратэсты, а таксама распавядалася пра факты гвалту сілавікоў. Пасля гэтага газету пачалі друкаваць у Расеі, аднак яна знікла з шапікаў «Белсаюздруку».
- Тлумачэнне такое: у сувязі з тым, што газета паступае пазней (яе трэба даставіць з Расеі), яна не паспявае ў экспедыцыю, - распавёў тагачасны галоўны рэдактар Андрэй Ляўскоўскі.
Тым не менш выданне працягвае выходзіць і прадавацца ў гандлёвых сетках.