Медыкі высветлілі, як узнікае «другая хваля» антыцелаў і працяглы імунітэт да каранавіруса
- 1.11.2020, 10:39
Даследаванні правялі ў ЗША.
Навукоўцы з ЗША правялі новыя даследаванні і выявілі, што ў 90% пацыентаў, якіх яны вывучалі, выпрацоўваецца працяглы адказ антыцелаў на каранавірус.
У большасці людзей, што перахварэлі на COVID-19, фармуецца працяглы імунітэт супраць каранавіруса, які дзейнічае не менш за пяць месяцаў. Да такой высновы прыйшлі амерыканскія навукоўцы, даследаваўшы рэакцыі антыцелаў больш за 30 000 чалавек, у якіх быў станоўчы вынік тэсту на каранавірус, паведамляе CNN.
Згодна з новай справаздачай, у арганізме чалавека адбываецца не адна хваля барацьбы з інфекцыяй. Папярэдне, пасля COVID-19 можа выпрацоўвацца цэлы шэраг імунных злучэнняў, і некаторыя антыцелы спачатку пераадольваюць хваробу, хутка адміраюць, а іншыя назапашваюцца.
Даследчыкі заявілі, што блізу 90% людзей, якія здаравеюць ад COVID-19, захоўваюць у арганізме стабільны агульны адказ антыцелаў.
«У той час калі з'явіліся паведамленні пра тое, што антыцелы да гэтага віруса хутка знікаюць, мы выявілі прама супрацьлеглае - што больш за 90% людзей з лёгкім або сярэднім захворваннем выпрацоўваюць у адказ антыцелы, досыць моцныя, каб нейтралізаваць вірус, і адказ захоўваецца на працягу многіх месяцаў», - гаворыцца ў заяве Фларыяна Крамера, прафесара вакцыналогіі ў Медычнай школе Ікана на гары Сінай (Нью-Ёрк, ЗША), які ўзначальваў даследчую групу.
Навуковец дадаў, што гэта адкрыццё важнае для эфектыўнай распрацоўкі вакцыны супраць новай інфекцыі.
Лекар Аня Вайнберг, дырэктарка клінічнага аддзела Тэставання антыцелаў у шпіталі на гары Сінай, у сваю чаргу адзначыла: «Устойлівыя ўзроўні антыцелаў, якія мы пасля назіралі, імаверна, вырабляюцца даўгавечнымі плазматычнымі клеткамі ў косным мозгу. Гэта падобна на тое, што мы бачым у выпадку іншых вірусаў».
Экспэрты падкрэслілі: іх назіранні не могуць служыць пераканаўчым доказам таго, што гэтыя адказы антыцелаў абараняюць ад паўторнага заражэння.
«Але мы лічым, што вельмі імаверна, што яны паменшаць шанцы паўторнага заражэння», - гаворыцца ў справаздачы.