Шанцы Лукашэнкі роўныя нулю
- 1.11.2020, 11:10
Рэжым уступіў у стадыю «абсыпання».
«Упэўнены, што ніхто з лідараў беларускага пратэсту не спадзяваўся на тое, што Лукашэнка выканае хоць адно з патрабаванняў ультыматуму, выпусціць усіх палітвязняў, спыніць збіццё пратэстоўцаў і сыдзе ў адстаўку. Ніхто не разлічваў, што хто-небудзь з банды Лукашэнкі адэкватна ацэніць хоць бы эканамічную шкоду ад таго, што адбываецца, не кажучы ўжо пра палітычную шкоду», - піша ў артыкуле для «Ежедневного журнала» вядомы расейскі публіцыст Ігар Якавенка.
Супрацьстаянне ў Беларусі - гэта канфлікт паміж сучаснасцю і архаікай, паміж 19-м стагоддзем, калі асновай эканомікі быў «рэальны сектар», і 21-м стагоддзем, у якім вядучую ролю выконваюць навука, тэхналогіі, гандаль, фінансы і сфера абслугоўвання.
Сілавікі застаюцца галоўнай і адзінай гарантыяй Лукашэнкі. Відэа, на якім амапаўцы ўрываюцца ў кватэру і збіваюць жанчынаў і дзяцей, наглядна дэманструе, як менавіта і каго абараняюць гэтыя людзі. А тое, што яны старанна хаваюць свае твары, пераканаўча сведчыць пра страх, які яны адчуваюць перад народам.
Пакуль найбольш верагодны сцэнар беларускага супрацьстаяння - гэта паступовае «абсыпанне» рэжыму Лукашэнкі, якое будзе выяўляцца ў кананні беларускай эканомікі ў выніку «італьянскіх» забастовак, і паралічы ўлады, распараджэнні якой гатовыя сабатаваць не толькі актыўныя пратэстоўцы, але і «назіральнікі», у паслабленні падтрымкі Крамля, які ў нейкі момант можа прыняць пастанову пра замену дыктатара на менш таксічнага, што адкрые для пратэсту новае акно магчымасцяў.
Шанцы на хуткае падзенне рэжыму ёсць. Шанцаў на тое, што рэжым Лукашэнкі пратрымаецца і ўвесь свой шосты прэзідэнцкі тэрмін дыктатар правядзе ў статусе кіраўніка дзяржавы, роўныя нулю. У барацьбу з Лукашэнкам уступіў яго галоўны вораг, якога нікому не ўдавалася перамагчы, - час.