Гісторыя настаўніцы з Віцебска, якая звольнілася на знак пратэсту
- 1.11.2020, 16:50
Наталля Дамарацкая не раз стаяла ў ланцугах салідарнасці, выходзіла на акцыі.
Настаўніца з Віцебска Наталля Дамарацкая распавяла ў інтэрв'ю «Салідарнасці», як складана супрацьстаяць фальсіфікацыям у школе, і чаму не шкадуе, што пайшла з сістэмы адукацыі.
Наталля Дамарацкая - педагог паводле адукацыі. Спачатку працавала ў школе №4 настаўніцай фізікі.
- Мне падабалася выкладаць, і дзеці мяне любілі, - кажа суразмоўца. - Але было вельмі складана прыстасавацца маральна ў плане стаўлення да цябе. Бо ў сістэме адукацыі чалавек - не чалавек, ён не мае права голасу, павінен толькі выконваць распараджэнні. Ідзе пастаянны прэсінг. Таму праз нейкі час я надумала звольніцца і паспрабаваць сябе ў іншай сферы.
Аднак неўзабаве Наталля зноў вярнулася ў школу. Толькі ўжо ў якасці інжынера-праграміста.
- Калектыў у школе №5 быў добры, і стаўленне нармальнае. Пакуль не прыйшло 9 жніўня, - распавядае Наталля. - У школе маю пазіцыю ведалі, таму да выбараў не залучалі - ні ў парламенцкую кампанію, ні тым больш у прэзідэнцкую. Усе разумелі, што маўчаць і заплюшчваць вочы на фальсіфікацыі я не буду.
Наталля - чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Яна не раз стаяла ў ланцужках салідарнасці, выходзіла на акцыі. У школе Наталля, як магла, спрабавала тлумачыць сваім калегам, якія трапілі ў камісіі, што фальсіфікацыя - гэта злачынства.
- Але яны толькі адмахваліся, - уздыхае жанчына.
Канфлікт здарыўся 9 жніўня, калі ад Наталлі запатрабавалі, каб яна выйшла праводзіць у школе канцэрт з нагоды выбараў.
- Правядзенне канцэртаў уваходзіла ў мае абавязкі, - тлумачыць суразмоўца. - Вядома, я стала адмаўляцца. Тады кіраўніцтва наўпрост мне заявіла, што ў адваротным выпадку я магу сыходзіць.
Рэч у тым, што ў Наталлі мама - інвалід зроку, за ёй патрэбны догляд. І імгненна пазбавіцца працы для жанчыны было вельмі балюча.
- Аднак і працаваць далей было практычна немагчыма. Стасункі з калегамі канчаткова разладзіліся, - кажа суразмоўца. - З усяго калектыву, дзе 86 чалавек, мяне адкрыта падтрымала трое калег. А многія, як і я, бачылі, што адбывалася ў нас у школе падчас выбараў: і як выносілі бюлетэні, і як «лічылі» галасы.
Наталля нават спрабавала заклікаць да сумлення тых, хто быў у камісіях.
- Калі стала вядома, што адбывалася на Акрэсціна, я сваім калегам на працы паказала фатаграфіі збітых. Адна расплакалася. Кажа: «Мы ж не ведалі, што так будзе». А назаўтра чалавек зноў стаў на сваю пазіцыю: «Гэта ўсё няпраўда, фэйкі».
Так Наталля разважыла, што больш працаваць у школе не зможа. Спачатку напісала заяву на адпачынак за свой кошт, а пасля звольнілася.
З пачатку кастрычніка яна ўжо не працуе. Аднак ні пра што не шкадуе.
Зараз Наталля Дамарацкая хоча далей вучыцца на інжынера-праграміста. Вяртацца ў школу яна не плануе.
- Нядаўна бачыла сваіх былых калег з 5-й школы. Заўважылі, што я выглядаю значна лепш і весялей, чым калі працавала. Кажуць: вяртайся. Але я бачу, што дзеецца ў школе і зноў ісці туды няма ніякага жадання. Тым больш што цяпер у мяне значна больш перспектыў.