BE RU EN

Алена Леўчанка - беларусам: Нават у самую цёмную ноч ззяюць самыя яркія зоркі

  • 10.11.2020, 13:20

Еднасць дапамагае нам рухацца далей - да перамогі.

Вядомая баскетбалістка Алена Леўчанка напісала ў «Фэйсбуку» пранікнёны допіс пра сітуацыю ў Беларусі:

- Мы не хочам быць Паўночнай Карэяй! На працягу ўжо доўгага часу многія, у тым ліку і нашы вядомыя спартоўцы, любяць вельмі часта выкарыстоўваць слоган «я - за мір».

Мне цікава: за які менавіта вы мір? За той, які ў Паўночнай Карэі? Там жа таксама «мір». Або за мір, у якім не парушаюцца правы чалавека, ёсць свабода слова і думкі?

Сапраўднага «міру» ў нашай краіне няма даўно. З дня выбараў прайшло 93 дні, і казаць «за мір» проста, каб паставіць галачку і адзначыцца - гэта ўжо так не працуе. Пара б называць рэчы сваімі імёнамі. Пара быць сумленнымі хоць бы з сабой.

Мы імкнёмся да краіны, у якой маюць права быць розныя меркаванні, і за гэта не будуць караць, пагражаць, збіваць або садзіць у турму. Таму хай гэта будзе іншае меркаванне, але дакладнае, яснае і зразумелае - ваша асабістае, а не які-небудзь абцякальны аморфны «мір». Таму што калі вы гуляеце ў гульні, сядзіце на двух крэслах, кажаце нічога не паведамляючы - вы хлусіце. А можа з канкрэтыкі вынікае адказнасць за свае словы?

А маім беларусам, якія дакладна разумеюць і ведаюць, да якога міру імкнуцца, якія кожны дзень, нягледзячы на ціск, выходзяць «шпацыраваць» і рызыкуюць, збіраюцца грашыма, дапамагаюць, страйкуюць, уцякаюць, я хачу сказаць: вы сапраўдныя героі, вы натхняеце! У жыцці, як у гульні, бываюць узлёты і падзенні, але ёсць Сіла, Воля, Дух і Еднасць, якія сёння прысутнічаюць у кожным з нас і ў самую цяжкую хвіліну дапамагаюць рухацца далей - да перамогі.

Ніколі не верце сваім страхам - яны не ведаюць вашай сілы!

Вы ніколі не даведаецеся, наколькі вы моцныя, пакуль быць моцным - гэта ваш адзіны выбар! Памятаеце, нават у самую цёмную ноч ззяюць самыя яркія зоркі, мае незвычайныя беларусы.

Апошнія навіны