Страсбург выстаўляе пасткі для Лукашэнкі
- 10.11.2020, 8:34
АБСЕ рэкамендуе міжнароднай супольнасці заняцца злачынствамі беларускіх сілавікоў.
Беларусы патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі ўжо тры месяцы. Улада на гэта адказвае рэпрэсіямі. АБСЕ, разгледзеўшы сітуацыю ў межах «Маскоўскага механізму», рэкамендавала прыцягваць вінаватых у гвалце да адказнасці ў іншых краінах і дапусціла стварэнне міжнароднага суда, піша «Незалежная газета».
Мінулыя выходныя ў Беларусi, адзначыліся новымі акцыямі пратэсту. У суботу, у дзень святкавання ў краіне Вялікага Кастрычніка, было затрымана 56 лекараў, 30 удзельніц жаночага «дэмаршу» і трое журналістаў. Вечарам затрымалі шасцярых музыкаў, якія граюць у менскіх дварах. Некаторых затрыманых адпусцілі пасля складання праколаў, аднак як мінімум трэць адправілася адбываць арышты, у тым ліку і лекары.
У нядзелю ў Менску традыцыйна праходзіў «Пратэстны марш». Інтэрнэт у горадзе быў адключаны ўжо а 10 раніцы. Пасля 11 - зачыненыя цэнтральныя станцыі метро. Колькасць сілавікоў і спецтэхнікі перавысіла ўсе рэкорды папярэдніх акцый. Людзей затрымлівалі з выкарыстаннем сілы і дубінак, нават не чакаючы, пакуль яны сфармуюць хоць нейкія групы. Ставілі на калені, білі ўжо затрыманых, валаклі па зямлі, прыязджалі хуткія. Былі перакрытыя не толькі асноўныя вуліцы на маршруце пратэстоўцаў, але і праходы ў двары.
Ацаніць колькасць удзельнікаў нядзельнай акцыі даволі складана, бо сабрацца ў адну калону ім не далі. Калоны рухаліся ў розных месцах горада. Гэта былі групы і на некалькі сотняў, і на некалькі тысяч чалавек. Ужо праз пару гадзін ад пачатку акцыі праваабаронцы паведамлялі больш чым пра дзве сотні затрыманых. Сярод іх сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2008 года ў дзесяцібор'і Андрэй Краўчанка, шматразовы чэмпіён Беларусі ў кікбоксінгу і тайскім боксе Іван Ганін, «міс Беларусь - 2008» і экс-прэс-сакратарка «Дынама Брэст» Вольга Хіжанкова, іншыя вядомыя людзі . Сілавікі лавілі людзей па дварах, выцягвалі іх з кавярняў, крам, аўтамабіляў і нават з царквы.
Аналітыкі ўжо ў пачатку трэцяга месяца пратэстаў называлі сітуацыю ў Беларусі патавай. Гвалт, які выкарысталі ўлады, закрануў многіх беларусаў, і яны не могуць з гэтым змірыцца.
Міжнародная супольнасць спрабуе ўздзейнічаць на Аляксандра Лукашэнкі, які ўтрымлівае ўладу сілай усімі даступнымі яму спосабамі. Раней пад санкцыі ЕЗ патрапілі 40 чалавек з ліку датычных да фальсіфікацый і гвалту, аднак тады ў спісе не было самога Лукашэнкі. «Каб пакінуць магчымасць для дыялогу», - тлумачылі тады ў Брусэлі. Цяпер ужо відавочна, што ніякі дыялог з ім немагчымы. У пятніцу ў афіцыйным часопісе ЕЗ быў апублікаваны дадатковы спіс беларускіх афіцыйных асоб з 15 чалавек, у дачыненні да якіх ўводзяцца персанальныя санкцыі. Ён уключае Аляксандра Лукашэнку, ягонага сына Віктара, які з'яўляецца ягоным памочнікам у нацыянальнай бяспецы, прэс-сакратарку Наталлю Эйсмант, а таксама прадстаўнікоў сілавых структур.
На наступны дзень пасля апублікавання новага санкцыйнага спісу - у суботу свет убачыў даклад АБСЕ, падрыхтаваны ў межах «Маскоўскага механізму чалавечага вымярэння». Яго запуск ініцыявалі 17 дзяржаў. Ён прадугледжвае вывучэнне сітуацыі з чалавечым вымярэннем у пэўнай краіне і падрыхтоўку рэкамендацый. Усяго з моманту стварэння ў 1991 годзе ён выкарыстоўваўся дзевяць разоў, у тым ліку ў 2011-м у дачыненні да Беларусі. Папярэдні быў у 2011 годзе, таксама пасля прэзідэнцкіх выбараў. Тады па выніках дакладу была прынятая рэзалюцыя Рады правоў чалавека ААН і заснаваны спецдакладчык аб Беларусі, аднак ніякага ўплыву на сітуацыю ў краіне гэта не мела. Улады дакладчыка не прызналі, рэкамендацыі праігнаравалі. Цяпер МЗС Рэспублікі Беларусь таксама заявіў, што выкладзеныя ў дакладзе факты не пацверджаныя і не ўлічваюць афіцыйную пазіцыю, таму яны «не прымаюць яго высновы» і не збіраюцца прытрымлівацца рэкамендацый. Эксперты АБСЕ парэкамендавалі уладам спыніць гвалт, правесці расследаванне выпадкаў гвалту і прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а таксама арганізаваць новыя свабодныя выбары.
У сітуацыі, калі ўнутраных сіл для вырашэння сітуацыі не стае, больш цікавыя рэкамендацыі, якія даюцца міжнароднай грамадскасці. Акрамя непрызнання вынікаў выбараў і дапамогі тым беларусам, якія вымушаныя пакінуць краіну, аўтары дакладу прапануюць «заснаваць незалежны міжнародны орган у мэтах стараннага расследавання парушэнняў правоў чалавека ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў з удзелам экспэртаў-крыміналістаў». Рэкамендуецца таксама «прыцягваць супрацоўнікаў беларускіх сілавых структур, вінаватых у катаваннях і жорсткім абыходжанні, і іх адказных кіраўнікоў да крымінальнай адказнасці ўсюды, дзе гэта магчыма».