Прэзідэнт Арменіі заявіў, што даведаўся пра пагадненне аб Карабаху з прэсы
- 10.11.2020, 11:36
Армэн Саркісян ініцыяваў тэрміновыя палітычныя кансультацыі.
Прэзідэнт Арменіі Армэн Саркісян заявіў, што даведаўся з прэсы аб трохбаковай заяве Расеі, Азербайджана і Арменіі аб спыненні баёў у Нагорным Карабаху, паведамляе «Радыё Азатуцюн»
У апублікаванай у Facebook заяве Саркісяна гаворыцца, што з ім перад гэтым не кансультаваліся і выніковы дакумент не абмяркоўвалі.
«Я не браў удзелу ні ў якіх перамовах. Урэгуляванне карабахскага канфлікту - справа дзяржаўнай важнасці. Кожны крок, дзеянне, кожная пастанова, якая тычыцца жыццёва важных інтарэсаў бяспекі і правоў Арменіі, Арцаха і ўсяго армянскага народа, асабліва падпісанне дакумента, павінны стаць прадметам усебаковых кансультацый і абмеркаванняў», - адзначыў ён.
Кіраўнік Арменіі падкрэсліў, што ініцыюе палітычныя кансультацыі, «каб як мага хутчэй ўзгадніць пастановы, якія вынікаюць з нашага парадку дня аб абароне нацыянальных інтарэсаў».
Прэзідэнт краіны выказаў надзею, што гэтае пытанне будзе развязанае цягам 10 дзён.
Уночы ў аўторак, 10 лістапада, прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што падпісаў з Азербайджанам і Расеяй пагадненне аб спыненні вайны ў Нагорным Карабаху.
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў паведаміў, што сітуацыю ў рэгіёне будуць кантраляваць міратворчыя войскі з Расеі і Турцыі.
Пасля заявы Пашыняна пратэстоўцы ў Ерэване захапілі будынак урада Арменіі. Пазней стала вядома пра захоп парламента краіны.
Перад гэтым, 8 лістапада, Азербайджан заявіў аб узяцці аднаго з ключавых гарадоў рэгіёну - Шуша. Ён размешчаны ўсяго за 11 км ад Сцепанакерта, на ўзвышшы, з якога добра прастрэльваецца сталіца непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі.
Поўнамаштабныя баявыя дзеянні ў Нагорным Карабаху пачаліся ўночы 27 верасня. Азербайджан і Арменія ўвялі ваеннае становішча і абвясцілі мабілізацыю рэзерву.