BE RU EN

Сітуацыя на ААТ «Гродна Азот» надзвычай напаленая

  • 10.11.2020, 12:40

Цяпер спынены два цэхі.

Пасля прыпынення праз тэхнічныя непаладкі цэху «Аміяк-4» вымушана стаў цэх «Карбамід-4».

- Гэтыя два цэхі працуюць у тандэме. Калі спыніцца Аміяк, прыпыненне Карбаміду непазбежнае, бо Карбамід працуе на сыравіну, якую вырабляе Аміяк, - распавялі «Салідарнасці» на прадпрыемстве. - Невядома, якая машына там выйшла з ладу, але нават калі рамонт будзе закончаны, пуск Аміяку ў найлепшым выпадку магчымы толькі заўтра, пасля чаго пачнуць запускаць Карбамід.

Але калі гэтага не здарыцца, то спыніцца вытворчасць не толькі карбаміду, але і цыклагексанону, адзначаюць на прадпрыемстве.

«Гродна Азот» адным з першых адрэагаваў на нацыянальны страйк. Адразу некалькі змен у цэхах «Аміяк-3» і «Карбамід-4» адмовіліся выконваць свае службовыя абавязкі.

Рабочых спрабавалі сілай прымусіць працаваць сілавікі, угаворвала кіраўніцтва. Аднак яны пачалі далучацца да страйку. Пасля чаго частку супрацоўнікаў звольнілі.

Цяпер пры дапамозе платформы «Сумленныя людзі» на прадпрыемстве прымаюць заявы ад ахвотных уступіць у страйк. Калі на 10 лістапада такіх будзе больш за 500 чалавек, то завод абвесціць аб масавым страйку.

- Агулам на заводзе ўжо сітуацыя вельмі праблемная. Яна патрабуе наяўнасці ўсіх высокакваліфікаваных спецыялістаў, аднак становішча ў краіне прымушае іх пакідаць свае працоўныя месцы, - кажуць супрацоўнікі. - Праблема з абсталяваннем - гэта нармальна. Кожны апаратчык падчас змены робіць абыход свайго аддзялення акурат для таго, каб своечасова выявіць усе няспраўнасці. Яго калега бесперапынку сочыць за паказаннямі прыбораў на ЦПУ.

Чаму праблему на «Аміяк-4» выявілі занадта позна, альбо не атрымалася своечасова ліквідаваць? З высокай імавернасцю, гэта звязана з бракам зменнага персаналу, людзей, якіх так лёгка звальняе адміністрацыя завода.

- Змены зменшыліся прыкладна ўдвая, а падрыхтоўка замены зойме ў найлепшым выпадку год, паўгода абавязковай стажыроўкі, плюс паўгода пастаяннай практыкі. Зверху кіраўніцтву завода аддалі два загады, іх часта агучвалі: звольніць усіх страйкоўцаў і пры гэтым не дапусціць прыпынення цэхаў. Вось з’явіўся выпадак праверыць, наколькі рэальна гэта зрабіць на практыцы. Немагчыма. І далей будзе толькі горш, - паведамілі ў страйкаме ААТ «Гродна Азот».

У сеціве з'явілася відэазварот аднаго са звольненых спецыялістаў.

- Калі частку маіх калег заганялі 26 кастрычніка дубінкамі ў цэхі і крычалі: «Вы ўсё роўна будзеце працаваць на нас!», а частку павезлі ў аўтазаках, я наважыў не дапамагаць больш гэтаму рэжыму сваёй працай. 26 кастрычніка яны пераступілі грань і такога калектыву больш не будзе, - сказаў Дзмітрый Барабан, які прапрацаваў на прадпрыемстве больш за 13 гадоў.

Апошнія навіны