BE RU EN

Прамысловыя тавары ўсё больш асядаюць на складах

  • 10.11.2020, 15:36

Складскія запасы б'юць рэкорды.

Чыноўнікі як могуць, развязваюць задачу для згладжвання падзення эканомікі. Пабочным эфектам з'яўляецца рост складскіх запасаў, піша сайт banki24.by.

Асноўны метад аператыўнай ацэнкі ВУП у Беларусі - вытворчы. Гэта значыць, што кожны месяц статорганы вызначаюць дададзеную вартасць агулам у краіне і ў асобных галінах эканомікі.

Вядома, што прэм'ер Галоўчанка хоча дамагчыся нулявога падзення ВУП за 2020 год. Самы прымітыўны спосаб гэта зрабіць - нарасціць выпуск прадукцыі, што аўтаматычна падыме дададзеную вартасць.

У сферы паслуг адміністрацыйна нарасціць выпуск вельмі складана, бо цяжка прымусіць пакупніка спажыць паслугі, калі яны здаюцца кліенту лішнімі.

Ручное нарошчванне выпуску значна лепш працуе ў сферы вытворчасці. Тыповым прыкладам з'яўляецца прамысловасць, у якой да 80% прадпрыемстваў дагэтуль належыць дзяржаве. Дастаткова спусціць планы зверху ўніз і фабрыкі-заводы пачнуць выдаваць на-гара мора прадукцыі.

Праўда, у выпуску прадукцыі без аглядкі на жаданні і магчымасці пакупнікоў ёсць непрыемны пабочны эфект - прадпрыемствы завальваюць склады гатовай прадукцыяй і вымываюць абаротныя сродкі. На захоўванне марнуюцца грошы, а дэфіцыт абаротных сродкаў трэба кампенсаваць ці з прыбытку, альбо за кошт крэдытаў і пазык.

Мяркуючы па справаздачнасці за 9 месяцаў, прадпрыемствам-рэкардсменам з'яўляецца Беларускі металургічны завод у Жлобіне. На 1 кастрычніка 2020 года ў БМЗ кароткатэрміновыя абавязацельствы былі вышэйшымі за кароткатэрміновыя актывы на 2,892 млрд BYN.

Запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці да 1 кастрычніка склалі 5,057 млрд BYN, што эквівалентна 68,5% сярэднямесячнай вытворчасці. Калі параўноўваць з узроўнем складскіх запасаў на 1 кастрычніка за ўсю пяцігодку, то менавіта 2020 год выходзіць на першае месца.

Цікава, што такая сітуацыя назіраецца з лета, калі ў Беларусі змяніўся ўрад. У ліпені ўрад паспрабаваў скараціць запасы ўручную. Мінфінансаў размясціла аблігацыі на 200 млн BYN, а сродкі ад продажу пусцілі на куплю тэхніку для арганізацый АПК. Тым самым часткова разгрузілі склады ў машынабудаванні.

Асноўныя месцы канцэнтрацыі складскіх запасаў у прамысловасці - гэта Менск і Менская вобласць. У Менску складскія запасы склалі 1,256 млрд BYN, у Менскай вобласці - 1,297 млрд BYN.

У сталіцы блізу 1,003 млрд BYN запасаў мае дзяржсектар. Больш за ўсё замарожана на складах вытворцаў апаратуры (186,8 млн BYN), машынабудаўнікоў (304,1 мле BYN) і вытворцаў транспартных сродкаў і абсталявання (262,3 млн BYN).

У Менскай вобласці найбуйнейшыя запасы канцэнтруе Жодзіна (488,2 млн BYN), а таксама Барысаўскі (145,9 млн BYN), Менскі (165,8 млн BYN) і Пухавіцкі (109,1 млн BYN) раёны.

Апошнія навіны