BE RU EN

Беларусі патрэбныя тысячы медыкаў, але ўлада з імі не важдаецца

  • 10.11.2020, 17:25

Краіна сутыкнулася з велізарным дэфіцытам медыцынскіх кадраў.

«Паехаў - назад не вернешся, там будзеш працаваць і зарабляць тыя вялікія грошы, па якія паехаў», - заявіў у пачатку лістапада Аляксандр Лукашэнка.

Пасыл гэты для лекараў, якія з'язджаюць працаваць за мяжу.

Сёння ў Беларусі патрабуюцца тысячы медыцынскіх работнікаў, але ніякіх іншых метадаў развязання праблемы, акрамя пагроз, улады пакуль не ўжываюць.

«Еўрарадыё» вывучыла, якіх медработнікаў і на якія грошы шукаюць у Беларусі.

Толькі 20% вакансій - на заробак 1000 рублёў

На 10 лістапада ў Беларусі зарэгістраваныя 2 753 вакансіі для лекараў-спецыялістаў і яшчэ блізу трыста - для памочнікаў лекараў [напрыклад, фельчараў. - Еўрарадыё].

Многія медыцынскія ўстановы шукаюць лекараў не на поўную стаўку. Напрыклад, у аграгарадку Мірны ў цэнтр рэабілітацыі патрабуецца медык на 0,15 стаўкі. Заробак - ад 65 рублёў. На месяц.

У лякарню Гомеля патрэбен лекар-рэўматолаг на чвэрць стаўкі. Абяцаны прыбытак - ад 93,75 рубля.

Часта нават на поўную стаўку прапануюць заробак амаль мінімальны: прыблізна 375 рублёў. У тым ліку - для спецыялістаў у невялікіх паліклініках або лякарнях у абласных цэнтрах.

Прыблізна кожная пятая вакансія абяцае заробак ад 1000 рублёў, вышэй за 1,5 тысячы - кожная 52-я (!).

Мяркуючы па размеркаванні вакансій, вялікі недахоп лекараў адчуваецца ў Берасцейскай і Гомельскай абласцях, а таксама ў Менску.

Акрамя таго, Беларусі патрэбныя амаль тры тысячы медсясцёр (заробак 1000 рублёў прапануюць толькі ў адным месцы) і крыху менш за дзве тысячы санітараў (максімум - 600 рублёў). Такім чынам, агульны дэфіцыт медыцынскіх кадраў усіх звёнаў крыху меншы за восем тысяч.

«Шэсць гадоў вучобы, а заробак меншы, чым на заводзе»

Як тлумачыць журналістам лекар адной з лякарняў Віцебска Уладзіслаў (імя змененае на просьбу суразмоўцы), асабіста ён вострага недахопу калег не адчувае, хоць і прызнае дэфіцыт медсясцёр, асабліва ў рэанімацыйных аддзяленнях.

«Многія знаёмыя, аднакурснікі з'ехалі працаваць у Расею, яшчэ да пандэміі. Паколькі, не гледзячы на ўсю крытыку расейскай медыцыны, заробкі там, нават у невялікіх гарадах, істотна вышэйшыя. Калі ў Расеі было сказана, што лекар павінен атрымліваць 200% ад сярэдняга заробку ў рэгіёне, то ў нас заяўлены заробак 80% ад вытворчай сферы. Прычым гэта сярэдні заробак на колькасць лекараў, нягледзячы на колькасць ставак, якія яны займаюць», - кажа Уладзіслаў.

Большасць лекараў, адзначае ён, працуе на паўтары і больш ставак. Гэта адзінае выйсце атрымліваць больш-менш нармальны прыбытак.

«Гэта значыць, лекар, які навучаўся шэсць гадоў ва ўніверсітэце, год у інтэрнатуры і шмат гадоў працягваць вучыцца падчас практыкі, павінен працаваць у паўтара разы больш і атрымаць заробак меншы, чым працаўнік заводу з сярэдняй адукацыяй», - дадае медык.

Са слоў Уладзіслава, медсясцёр бракуе як праз невысокія заробкі, так і праз цяжкую працу і частыя начныя дзяжурствы. І прыводзіць прыклад: хірург вышэйшай катэгорыі можа зарабляць паўтары тысячы рублёў, другі або без катэгорыі - блізу 1200, а лекар тэрапеўтычнага профілю - да 1200. І гэта на тыя ж паўтары стаўкі. Гэта значыць, пры працы з нармальным графікам даходы куды меншыя.

Нядаўнюю спробу развязаць праблему з узроўнем заробкаў медыкаў і іншых бюджэтнікаў - указ Аляксандра Лукашэнкі - Уладзіслаў ацэньвае негатыўна: «Ён сітуацыю па заробку не палепшыў, а ў некаторых выпадках нават пагоршыў».

«Падчас пандэміі праца змянілася ў разы. Нагрузка стала каласальнай, узроставыя лекары і медсёстры, каб не захварэць, перайшлі на работу, не звязаную з інфекцыяй, ці на пенсію. Абяцаныя даплаты за каранавірус атрымаць не так проста. Кожны выпадак трэба пацвярджаць, для гэтага трэба выконваць тэсты на каранавірус, а яны могуць адсутнічаць ці забараняцца кіраўніцтвам. Акрамя таго, тэсты не валодаюць дастатковай адчувальнасцю і нават у відавочных выпадках, калі з аднолькавымі сімптомамі паступаюць сямейнікі, у адным выпадку даюць станоўчы, у іншым адмоўны вынік. Пацыент уважаецца за каранавіруснага (для даплат) не з моманту захворвання або паступлення ў шпіталь або на прыём у паліклініку, а з моманту выканання тэсту. Пацыент паступае ў суботу, тэст па арганізацыйных прычынах робіцца ў панядзелак, вынік станоўчы - даплаты будуць толькі з панядзелка, гэта значыць, медыкі «хуткай», якія дзяжурылі ў суботу і нядзелю, з каранавірусам нібыта і не працавалі», - тлумачыць доктар.

Ёсць і іншыя механізмы, як «схітраваць» і ўрэзаць даплаты, дадае Уладзіслаў:

«Такія хітрыкі з сумленна заробленымі даплатамі ўзмацнілі недавер медыкаў да Міністэрства аховы здароўя, і цяпер усе ў чаканні, калі даплаты раптам прыбяруць. На такі выпадак многія знаёмыя ўжо выканалі ўсе неабходныя ўмовы для пацверджання дыплома ў Расеі, каб можна было неўзабаве з'ехаць».

На думку Уладзіслава, пагроза закрыць межы для лекараў не спыніць спецыялістаў ад эміграцыі.

«Ёсць прыклады, калі лекары з'язджалі ў Падмаскоўе або невялікія гарады каля Піцера і за некалькі гадоў будавалі жыллё ў самой Маскве ці Піцеры», - адзначае лекар.

Апошнія навіны