Што будзе, калі ўсе «разумныя» з'едуць з Беларусі, як прапануе Лукашэнка
- 10.11.2020, 17:52
Краіна можа страціць велізарную частку ВУП.
6 лістапада Лукашэнка загадаў не пускаць у Беларусь тых «разумных», якія выехалі з краіны ў «гэты няпросты час». Ягоная заява была адрасаваная перш за ўсё лекарам. Яшчэ раней чыноўнікі рознага ўзроўню раілі незадаволеным «з'язджаць», піша сайт «Радыё Свабода».
У кастрычніку ў МУС заявілі, што Беларусь пакінулі ўжо 13 тысяч чалавек. Гэта тыя, хто выехаў у Польшчу, ва Украіну, Літву і Латвію. Статыстыка не ўлічвае тых, хто з'ехаў у Расею, бо мяжы з гэтай краінай няма. Таксама вядома пра 1200 ІТ-спецыялістаў, якія выехалі ва Украіну, таму цяпер гэтая лічба можа быць значна большай.
Як гэта ўплывае на эканоміку
Унутраны валавы прадукт кожнай краіны залежыць ад колькасці людзей, якія працуюць у гэтай краіне. Пра гэта распавядае фінансавы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іёсуб.
«Чым больш людзей працуюць, тым большы ВУП. Формула ВУП - гэта прадукцыйнасць працы, памножаная на колькасць працоўных. Калі менш працуюць - меншы прырост эканомікі. Як правіла, з'язджаюць людзі найбольш прафесійныя і запатрабаваныя. У іх, як правіла, самая высокая прадукцыйнасць працы. Калі найбольш кваліфікаваныя з'язджаюць, зніжаецца вытворчасць», - кажа Вадзім Іёсуб.
Ён дадае, што «сярод тых жа лекараў ёсць унікальныя спецыялісты». Калі такія вузкія спецыялісты будуць з'язджаць, «не будзе каму лячыць некаторых пацыентаў».
Беларусь доўгі час рэкламавала свае медыцынскія паслугі на экспарт. На аперацыі ехалі акурат да такіх вузкіх спецыялістаў.
«Раней выязджалі працоўныя ў Расею, ў Польшчу. Гэта маглі быць нейкія сезонныя працы, праца на будоўлі, не самая кваліфікаваная праца. А цяпер магчымы сыход кваліфікаваных спецыялістаў, ІТ-сектара, лекараў. Эканоміка гэта неўзабаве адчуе, што адаб'ецца на сярэдніх заробках», - канстатуе Вадзім Іёсуб.
Таксама эканаміст адзначае, што ёсць розніца паміж «працоўнай міграцыяй» і «выдварэннем людзей з краіны». У другім варыянце людзі будуць працаваць і жыць за мяжой, і Беларусь ад гэтага нічога эканамічна не атрымае.
«Бо раней людзі працавалі за мяжой, але грошы дасылаліся сюды», - параўноўвае спецыяліст.
Што кажуць лічбы
Дзель ІТ ва ўнутраным валавым прадукце Беларусі - 6,5%. Цяпер шматлікія ІТ-кампаніі калі яшчэ не пераехалі за мяжу, то думаюць пра рэлакацыю. Калі ўсе ІТ-кампаніі з'едуць, ВУП страціць 8,5 мільярда рублёў.
Другая сфера, па якой спачатку ўдарыла эпідэмія каранавіруса, а затым ўнутраны палітычны крызіс, - сярэдняе і дробнае прадпрымальніцтва. Дзель гэтай галіны ў ВУП - 26,1%, або 34,4 мільярда рублёў, паводле звестак на 2019 год. Менавіта аб гэтай катэгорыі ўлада часта кажа «пузатыя буржуі».
Такім чынам, калі ўсе «яйкагаловыя» і «пузатыя буржуі» выведуць свой бізнэс з Беларусі, ВУП страціць больш за траціну. А калі ўлічыць, што гэтыя сферы эканомікі не закрэдытаваныя дзяржавай, як прамысловасць і сельская гаспадарка, - то значна больш.
Людзі ж, якія працуюць у сферы дзяржкіравання, сілавым блоку і ў дзяржаўным сектары, жывуць за кошт бюджэту, які фармуецца, у тым ліку, за кошт падаткаў «яйкагаловых» і «пузатых буржуяў».