Што СК адказаў сем'ям загінулых на пратэстах
- 10.11.2020, 18:10
Бязмежны цынізм лукашызму.
У жніўні адразу тры сям'і правялі ў апошні шлях сваіх блізкіх. Ад агнястрэльнага ранення, атрыманага падчас акцыі, памёр мянчук Аляксандр Тарайкоўскі, праз некалькі дзён пры падобных абставінах загінуў берасцеец Генадзь Шутаў. Не вярнуўся дадому і гамяльчук Аляксандр Віхор: яго затрымалі, а праз тры дні маладзён памёр у лякарні. Іх сем'і прасілі распачаць справу паводле артыкула «Забойства», СК увесь гэты час праводзіў праверку. Блізкія загінулых распавялі tut.by, да чаго прыйшлі следчыя.
Аляксандр Віхор. Білі, але гэта не прычына смерці
- Я гатовая крычаць на ўвесь свет, хачу, каб усе ведалі: мой сын не памёр, мой сын загінуў ні за што, - плакала ў жніўні Святлана Віхор, мама 25-гадовага Аляксандра. Маладзёна затрымалі ў Гомелі 9 жніўня, калі ён ехаў да дзяўчыны.
Два дні сям'я шукала Сашу, спрабавала перадаць яму рэчы і ежу. Калі ніводныя дзверы не адчыніліся, блізкія паехалі ў міліцыю пісаць заяву аб згубе, там ім паведамілі: Аляксандр Віхор памёр у лякарні.
- Міліцыя яго палічыла за неадэкватнага чалавека і ўначы прывезла ў прыёмны пакой псіханеўралагічнага дыспансера. Там адказалі, што Саша не іх кліент, у яго моцны стрэс, яму патрэбная медыцынская дапамога. Пазней брата ўжо даставілі ў тубдыспансер, як нам распавялі лекары, ён ужо знаходзіўся ў стане клінічнай смерці, яго гадзіну спрабавалі рэанімаваць. А яшчэ нам паведамілі, у брата быў ацёк галаўнога мозгу, - так Вольга пасля смерці Сашы перадавала словы лекараў.
У следчых было тры месяцы, каб правесці праверку і пастанавіць, распачынаць крымінальную справу ці не. Сям'я ўпэўненая, што Аляксандра збілі і несвоечасова надалі дапамогу, калі яму стала дрэнна.
- У кастрычніку нас азнаёмілі з судова-медыцынскай экспэртызай, часткова. Яна больш чым на 50 старонак, але нам не сталі паказваць некалькі старонак, іх проста няма. Следчы патлумачыў гэта тым, што ў іх змяшчаецца не медыцынская частка экспэртызы, - распавядае сям'я Аляксандра Віхора. - Нам не далі сфатаграфаваць або зняць копію экспэртызы, давялося перапісваць ад рукі. Сэнс экспэртызы такі: алкаголю і наркотыкаў у крыві Сашы няма, смерць наступіла праз праблемы з сэрцам.
Блізкія Аляксандра называюць судова-медыцынскую экспэртызу «супярэчлівай», і пасля яе вывучэння ўсё адно засталіся пытанні: як загінуў Аляксандр? Ці маглі нанесеныя яму траўмы стаць прычынай смерці? Калі б дапамогу надалі своечасова, ці застаўся б хлопец жывы?
- Экспэрты апісваюць у Сашы пераломы рабрын, грудзіны, гематомы і следам паказваюць, што гэтыя пашкоджанні не знаходзяцца ў прычынна-следчай сувязі са смерцю. Нібыта рэбры яму зламалі падчас рэанімацыйных мерапрыемстваў, мы можам гэта дапусціць, мы ж не медыкі, таму паказалі перапісаную экспэртызу спецыялістам. Іх збянтэжыла, што пры масажы сэрца былі зламаныя рабрыны, якія знаходзяцца бліжэй да паясніцы, - адзначае сям'я Аляксандра і ўзгадвае, што летам хлопец праходзіў медыцынскае абследаванне ад ваенкамата. - Чаму тады ніхто з лекараў не сказаў: «Хлопец, ты смяротна хворы. Табе трэба стаць на ўлік да кардыёлага». Так, ён атрымаў адтэрміноўку ад войска, у яго былі парушэнні з боку сэрцава-судзіннай сістэмы, але людзі з такімі адхіленнямі жывуць вельмі доўга. Чаму гэтыя адхіленні пагоршыліся менавіта ў тым становішчы? Яны за тры дні знаходжання пад вартай абвастрыліся так, што чалавек проста памёр? Што на гэта паўплывала? Фізічнае, псіхалагічнае насілле або ненаданне медыцынскай дапамогі? Паводле дакументаў, Саша памёр а 3.35 ночы, а 12.00 яго ўжо ўскрывалі, а мы да дзвюх дня наогул не ведалі, дзе ён, ездзілі па горадзе з перадачай. Хіба не трэба было звязацца з блізкімі? Яго асоба была ўстаноўлена, дык чаму нам нічога не паведамілі?
Цяпер прызначаная дадатковая судова-медыцынская экспэртыза, яе будуць ужо праводзіць у Менску.
- Пакуль праверка справы Сашы прыпыненая да атрымання вынікаў экспэртызы. Калі гомельская доўжылася два месяцы, можна ўявіць, колькі будзе гэтая. Нам здаецца, такім чынам проста цягнуць час, - мяркуе сям'я Аляксандра Віхора. - Мы пыталіся следчага: няўжо не мае значэння, што Сашу білі, распылялі ў яго газ, не давалі ніякай таблеткі, можа, гэта і стала прычынай таго, што адбылося? Можа, сэрца не вытрымала гэтага болевага шоку і комы? Следчы адказаў: «Так, білі. Але ў нас у краіне міліцыі дазволена ўжываць фізічную сілу, выкарыстоўваць кайданкі і зброю ў пэўных умовах. Мы разбіраемся: перавысілі яны службовыя паўнамоцтвы ці не». Гэта нейкае «пэўная ўмова», калі чалавек ужо за кратамі? Якую небяспеку ён прадстаўляе? Сведкі кажуць, калі Саша задыхаўся ў «шклянцы», у яго адмыслова распылялі газавы балончык.
Аляксандр Тарайкоўскі. Справы паводле забойства няма, за надпіс «Не забудземся» на месцы гібелі - ёсць
Роўна тры месяцы таму, 10 жніўня, каля станцыі метро «Пушкінская» загінуў Аляксандр Тарайкоўскі. Ягоныя апошнія хвіліны жыцця трапілі на відэа, і гэтыя кадры зняпраўдзілі першапачатковую версію МУС, якая гучала так: «10 жніўня, блізу 23.00, падчас масавых беспарадкаў у Менску на вул. Прытыцкага натоўп будаваў барыкады для блакавання руху. Падчас супрацьстаяння са спецназам, які прыбыў для дэблакавання плошчы, адзін з дэманстрантаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём».
- Мяне нікуды не выклікаюць, перыядычна тэлефануе следчы, задае ўдакладняючыя пытанні. (...) Кожны раз задаю следчаму пытанне з нагоды распачынання крымінальнай справы, адказвае: «Мы працуем». Адразу сказаў: хутчэй за ўсё, праверка будзе доўжыцца максімальны тэрмін - тры месяцы. Адвакат ужо падрыхтаваў ліст у СК з патрабаваннем распачаць крымінальную справу. (...) Не ведаю, якая можа быць падстава не распачынаць крымінальную справу. Хоць розум падказвае: наўрад ці штосьці будзе, - раней распавядала Алена Герман, грамадзянская жонка Аляксандра Тарайкоўскага.
З моманту нашай сустрэчы прайшоў месяц, у Алены навінаў ад СК па-ранейшаму няма.
- З судова-медыцынскай экспэртызай мяне не знаёмілі, ліст са Следчага камітэта не прыходзіў, чакаем, магчыма, на днях атрымаем адказ, - удакладняе Алена.
Пакуль СК не спяшаецца даць прававую ацэнку гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, але на двух менчукоў ужо завялі крымінальную справу за надпіс «Не забудземся» на месцы гібелі мужчыны. Абвінавачаная Марыя Бабовіч цяпер знаходзіцца пад вартай, ёй інкрымінуюць адразу два артыкулы Крымінальнага кодэксу РБ - ч.2 арт.339 (Хуліганства) і ч.2 арт.218 (Наўмыснае пашкоджанне маёмасці). Таксама за кратамі за аднаўленне фразы «Не забудземся» апынуўся Дзяніс Граханаў. Са слоў ягонай мамы, «Гаррамаўтадар» налічыў шкоду 10 тысяч рублёў. Марыі і Дзянісу пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Генадзь Шутаў. «Дастатковай падставы для распачынання крымінальнай справы няма»
Пакуль сем’і Аляксандра Віхор і Аляксандра Тарайкоўскага чакаюць адказ ад СК, блізкія Генадзя Шутава яго ўжо атрымалі. «Прававая ацэнка дзеянняў асоб, якія маюць дачыненне да прычынення цялесных пашкоджанняў Шутаву, будзе дадзеная падчас расследаванняў крымінальнай справы. Цяпер дастатковых падстаў для распачынання крымінальнай справы на падставе арт.139 КК (Забойства) не маецца», - гаворыцца ў дакуменце Цэнтральнага апарата Следчага камітэта.
Берасцеец Генадзь Шутаў 11 жніўня атрымаў раненне ў галаву і памёр 19 жніўня ў вайсковым шпіталі. У даведцы паказалі, што вонкавай прычынай смерці стала «пашкоджанне ў выніку стрэлу з ручной агнястрэльнай зброі з нявызначанымі намерамі».
Блізкія мужчыны расказваюць, што дагэтуль прадаўжаецца расследаванне справы за супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў. У ёй Генадзь Шутаў і ягоны сябар Аляксандр Кардзюкоў фігуруюць у якасці падазраваных. Даведацца падрабязнасці расследавання ў Анастасіі, дачкі Генадзя, нельга:
- На днях следчы ўзяў з мяне падпіску пра неразгалошванне.