BE RU EN

Навукоўцы: Ледавікі Кітая растаюць з неймавернай хуткасцю

  • 10.11.2020, 18:37

Самы вялікі ледавік адступіў на 450 метраў з 1950-х гадоў.

Навукоўцы заявілі пра тое, што ледавікі ў горным хрыбце Цыляньшань, які ўваходзіць у горную сістэму Наньшань, растаюць з «шакавальнай» хуткасцю. З іх слоў, самы вялікі ледавік на паўночным усходзе Тыбецкага нагор'я адступіў на 450 метраў з 1950-х гадоў, калі пачаліся назіранні за ім, паведамляе Reuters.

Ледавік плошчай 20 квадратных кіламетраў вядомы пад назвай Лаахугоў №12. Навукоўцы адзначаюць, што яго паверхню перасякаюць крыніцы адталай вады. Плошча ледавіка паменшылася на 7%, у апошнія гады раставанне паскорылася. Настолькі ж страшнай з'яўляецца страта таўшчыні ледавіка: праз павышэнне тэмпературы знікла прыкладна 13 метраў лёду.

Тыбецкае плато яшчэ называюць Трэцім полюсам Зямлі праз колькасць лёду, які знаходзіцца тут. Але з 1950-х гадоў тэмпература ў рэгіёне вырасла агулам на 1,5 градуса Цэльсія. Далейшае пацяпленне паставіць ледавікі пад пагрозу знікнення.

Паводле інфармацыі Кітайскай акадэміі навук, адступленне ледавікоў у 1990-2010 гадах было на 50% больш хуткім, чым у 1956-1990. Струмені вады каля канчатковага пункту сцёку Лаахугоў №12 цяпер удвая большыя, чым 60 гадоў таму. Гэта прывяло да таго, што недалёка ад гарадскога павета Дуньхуана вада з гор упершыню за 300 гадоў утварыла возера ў пустцы.

Разам з тым, раставанне ледавікоў - гэта не адзінае наступства глабальнага пацяплення. Снегападаў і дажджоў стала значна менш, чым раней. Таму, нават нягледзячы на раставанне лёду, мясцовыя фермеры могуць сутыкнуцца з дэфіцытам вады, неабходнай ім для вырошчвання раслін і гадоўлі жывёл.

Апошнія навіны