Андрэй Федарэнка: Любая дыктатура заканчваецца аднолькава
- 10.11.2020, 22:37
Усё рухаецца ў адным накірунку – да лепшага.
Адна з кніг Андрэя Федарэнкі мае назву “Сузіральнік”. Пісьменнік і сапраўды ўмее сузіраць – і ў жыцці, і ў літаратуры. Сузіраць не абыякава, маўляў, гэта мяне не тычыцца, то няхай сабе і далей плыве па жыццёвай рацэ. Не, хата пісьменніка на беразе гэтай самай ракі стаіць яўна не з краю. Не застаецца вядомы творца раўнадушным і да падзей апошняга часу, пра што мы з ім і пагутарылі ў рэдакцыі «Народнай Волі».
– Андрэй, вось ужо тры месяцы ў краіне працягваецца жорсткае супрацьстаянне паміж вялікай часткай грамадства і ўладай. Суботнія жаночыя маршы, панядзелкавыя пенсіянерскія, нядзельныя супольныя… Ужо каля 17.000 чалавек затрыманы, заведзена амаль 700 крымінальных спраў. Падобных рэпрэсій Беларусь не ведала са сталінскіх часоў. Да чаго гэта можа прывесці?
– Для людзей гэта, безумоўна, кепска, а для краіны, як ні парадаксальна, – добра. З краінай нічога дрэннага не будзе. Любая дыктатура заканчваецца аднолькава, і самая цёмная ноч – заўсёды перад світанкам. Іншая справа, што, сапраўды, можна толькі дзівіцца, як яно нарастае: хацелі ўсяго толькі справядлівага падліку галасоў, пацягнулі за нітачку – вылез цэлы клубок. Думалі, што дастаткова выціснуць прышчык, а адкрылася ракавая пухліна ледзь не ў апошняй стадыі. І канца гэтаму пакуль не відно.
– Назіраючы за разгонам сёлетніх Дзядоў, я ўспамінаў, як у 1988 годзе літаратурнае таварыства “Тутэйшыя”, да якога мы з табой належалі, арганізоўвала першыя Дзяды, і як нас у чыстым полі перад Курапатамі таксама разганялі. 32 гады прайшло – а ўсё засталося па-ранейшаму… Гэта не робіць цябе песімістам?
– Добра памятаю тагачасны грамадскі настрой пасля тых першых Дзядоў: “туды ішоў натоўп, адтуль вяртаўся народ”.
– Ва Уладзіміра Някляева і верш пра гэта быў: “І ўпершыню, маўкліва сцяўшы рот, / з натоўпу глянуў люд. Амаль народ”.
– Вось-вось. Аднак усе неўзабаве пераканаліся, што да “народа” яшчэ як да неба. За 32 гады, што прайші з таго часу, чаго толькі ў свой адрас мне і маім сябрам не даводзілася чуць! “Опы (апазіцыянеры), змагары, пакрыўджаныя, няўдачнікі, свядомыя маргіналы”… Некаторыя, пачуўшы беларускую мову, круцілі пальцамі каля скроні. Таму ёсць нейкая вышэйшая справядлівасць, нейкая маральная кампенсацыя, што, магчыма, цяпер менавіта дзеці тых самых людзей, якія тады не пратэставалі, думалі, што іх гэта не тычыцца і ніколі не закране, апынуліся ў падобным становішчы. Сёння, дарэчы, і тыя людзі выходзяць “са спячкі” з плакатамі: “Даруйце, што маўчалі, калі трэба было гаварыць”. Таму ні пра які песімізм не можа быць і гаворкі. Як ні круці, усё рухаецца ў адным накірунку – да лепшага.
– Вось кажуць: у нас цяпер як ніколі народная еднасць. Але заводы не бастуюць, шахцёры нават паміж сабой не салідарныя. І тут я хачу прыгадаць прыклад з гісторыі. З чужой далёкай гісторыі. У франкісцкай Іспаніі ў 1940 годзе 200 самых вядомых інтэлектуалаў сабраліся на гары Мансерат і прынялі адозву да дыктатара Франка, у якой патрабавалі выканання правоў чалавека. Хто і дзе павінен сабрацца ў Беларусі, каб быць пачутым на самым версе?
– У нашым выпадку такі нумар не пройдзе. Ні 20, ні 200, ні 2 мільёны пачутымі не будуць. Разам з тым ёсць адзін чалавек, і ўсе яго ведаюць, якому дастаткова не тое што слова сказаць, а кіўнуць пальцам – і ўсё ў Беларусі вырашыцца вокамгненна. Гэты чалавек – прэзідэнт не нашай, а суседняй краіны, Расійскай Федэрацыі. Але якім бы заманлівым, лёгкім і простым ні здавалася такое вырашэнне, настолькі ж яно небяспечнае, як дары данайцаў. Таму спадзеў толькі на сябе. Іншая справа, як так атрымалася, што мы залежым ад кіўка пальца кіраўніка суседняй дзяржавы? Але гэта ўжо асобная гутарка…
– Статысячныя шэсці ідуць пад бел-чырвона-белымі сцягамі, скандзіруючы “Жыве Беларусь!”. Ці азначае гэта, што ў Беларусі назіраецца нечуваны раней уздым нацыянальнай самасвядомасці?
– У нас ідзе буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя з элементамі нацыянальна-вызвольнай. Супраць такой “грымучай сумесі” нікому не ўдавалася выстаяць. Больш за тое, такі сплаў і ў будучым прыводзіць да хуткага эканамічнага і сацыяльнага росквіту, прынамсі на першым этапе. Справа тут у слове “элементы”. Бо ў цэлым назваць рух нацыянальна-вызвольным пакуль нельга. Дарэчы, на маю думку, гэта адна з прычын, чаму ўсё так зацягнулася. Можна пачуць і такое: рускамоўныя выйшлі звяргаць рускамоўнага, каб пасадзіць на яго месца зноў жа рускамоўнага. Застаецца спадзявацца, што гэтым разам будзе не так.
– Успаміны тых, хто пабываў у аўтазаках, у ізалятарах часовага ўтрымання, страшна чытаць… Знявагі, жорсткасць, самыя сапраўдныя катаванні. У цябе ёсць нейкае тлумачэнне ўсяму гэтаму?
– Акрамя чыста псіхічных, псіхіятрычных прычын, акрамя прыроднай паталагічнай схільнасці некаторых людзей да зверстваў, пра што многа напісана, вялікую ролю тут адыгрывае пэўная ідэалогія. Так атрымалася, што ў выніку татальнай русіфікацыі Радзіма ў нас паступова стала Родиной, Айчына – Отчизной, а дзяржава – государством. У выніку беларус-амапавец дубасіць беларуса-пратэстоўца ў лепшым выпадку як сепаратыста, які пасягае адарваць “цветущий клочок земли” ад непадзельнай тэрыторыі ад Курылаў да Брэста, у горшым – як захопніка любімай агульнай саюзнай дзяржавы. “Отступать некуда – позади Москва”… У пэўным сэнсе адбываецца гістарычны казус: народ адстойвае незалежнасць, а “гаранты” незалежнасці дубінамі спрабуюць яго ад гэтага занятку адвучыць, заганяючы назад у саюзнае стойла.
– А можа, тлумачэнне тут простае, выказанае паэтам, які прайшоў праз сталінскі ГУЛаг і вынес адтуль гэткае меркаванне: “Государи должны государить. / Государство должно есть и пить. / И должно, если надо, ударить, / И должно, если надо, убить”. Хіба бываюць дзяржавы без гвалту?
– Мы зноў кажам “дзяржава”, маючы на ўвазе класічную нармальную, зразумелую дзяржаву. Такой, можа быць, дазволена ўсё. А ў нас якая? Сюррэалістычная. Гэты сюр пачаўся 26 гадоў таму, калі было дапушчана, што дзяржавай можа кіраваць чалавек, які не валодае дзяржаўнай мовай. Вось менавіта з гэтага абсурду пачаў, як снежны ком, нарастаць абсурд усё большы, пакуль не дасягнуў таго, што мы сёння маем. Сёння наша афіцыйная нацыянальная ідэя – “славь игемона”, наш суверэнітэт – як мага шчыльней прыціснуцца да Расіі (аж да поўнага зліцця ў саюзніцкім экстазе), наш патрыятызм – “возлюби Российскую Федерацию пуще всего сущего”. Не здзіўлюся, калі апошняе будзе ўпісана адным з асноўных пунктаў у новую Канстытуцыю, якая цяпер з такім імпэтам распрацоўваецца. Нармальную беларускую дзяржаву нам яшчэ толькі належыць пабудаваць. Па сутнасці, з нулявога цыкла. І галоўным у гэтай пабудове будзе вырашэнне лёсу беларускай мовы. Мне вельмі даспадобы ўчынак Уладзіміра Зяленскага, які стаў украінскім прэзідэнтам у неверагодна цяжкі для краіны час: вайна, акупацыя, рэзрух… І што самае першае робіць Зяленскі? Правільна, наймае рэпетытараў, каб падцягнуць узровень валодання ўкраінскай мовай. Будзем памятаць, што адзін раз мы ўжо наступілі на граблі, адмахнуўшыся ад моўнага пытання, адклаўшы яго на няпэўнае “потым”, і Бог жорстка пакараў нас за гэтае калектыўнае глупства.
– Нядаўна на сустрэчы са студэнтамі ў БДУ Наталля Качанава (трэці чалавек у дзяржаве) сказала, што пасля выбараў у краіне не было ні згвалтаванняў, ні катаванняў… Ці дапускаеш ты, што яны там, наверсе, не ведаюць, што чыніць іхні АМАП на вуліцах?
– Усе ўсё ведаюць, проста інакш успрымаюць. У іхнім уяўленні пяшчотныя, як ранішнія фіялкі, ахоўнікі парадку сутыкаюцца з агрэсіўнай вулічнай нечысцю і таму вымушаны “адэкватным чынам рэагаваць на неадэкватныя дзеянні супрацьлеглага боку”. У Францыі, у Ганконгу, у ЗША хіба не тое самае? Тут з імі цяжка спрачацца, бо гэта, так бы мовіць, справа густу. “Калі табе выбілі вока, радуйся, што не два”, – пісаў Антон Паўлавіч Чэхаў. Я б у тым выступленні звярнуў увагу на іншае, на рэфрэн: “мы не чакалі, не маглі нават уявіць, ніколі б не падумалі”… Красамоўнае прызнанне, якое ў каторы раз вяртае ўсё на кругі свае. У глыбіні душы нашы ўлады ніколі не лічылі беларусаў самастойнай нацыяй, для іх мы былі і застаёмся “рускімі са знакам якасці”, якія ў выніку гістарычнай недарэчнасці апынуліся самотныя і адколатыя ад мацерыка і якіх трэба тэрмінова вяртаць у родную гавань – у ласкавыя мяккія рукі Расіі-матухны.
– Нядаўна я сустракаўся з адной жанчынай – чальцом выбарчай камісіі ў Ракаве пад Мінскам, якая адна (з 19-ці) не падпісала сфальсіфікаваны пратакол. Прычым галасавала яна на выбарах за Лукашэнку. Але цяпер, прызналася, ён згубіў у яе вачах усю сваю значнасць. Чаму “народны прэзідэнт” (як ён любіў сябе называць) з 26-гадовым стажам не баіцца згубіць (і амаль ужо згубіў) любоў народа?
– Сапраўдная любоў не страчваецца. Значыць, яе асабліва ніколі і не было. Было што заўгодна: разлік, дамова (“вы дайце жыць нам, а мы не будзем чапаць вас”), нават павага, але не любоў. Я думаю, што людзей завялі і давялі да кіпення не столькі знешнія і ўнутраныя палітыка-эканамічныя праблемы, колькі сам правадырскі стыль, паводзіны, лексіка. Народ неяк рэзка пасталеў і паразумнеў. Перасталі ўспрымацца ўсе гэтыя правадырскія хохмы, жартачкі і абзыванні, гэтыя дэманстратыўныя чаплянні беларускіх узнагарод на грудзі прадстаўнікоў расійскай папсы, віншаванні з якім-небудзь 37-годдзем бабкіных-галкіных і магільнае маўчанне, скажам, на 80-годдзе Ніла Гілевіча. Народ проста перарос свайго нядаўняга правадыра.
– Ведаю, што на цябе пісалі даносы ў Адміністрацыю прэзідэнта, адзін з іх ты нават надрукаваў у кнізе “Сечка”. Гэта было ў часы адносна спакойныя. Як ты лічыш, гэты неўміручы жанр у сучаснай Беларусі зазнае росквіт?
– Прынамсі, дзеля гэтага многа робіцца. Напрыклад, панібрацкія смс-кі з МУСа, дзе па-сяброўску просяць паведамляць “аб дзеяннях асоб, якія выкарыстоўваюць незарэгістраваную сімволіку”, або далучэнне настаўнікаў да карыснай справы даваць справаздачы “аб вучнях, якія негатыўна выказваюцца пра сітуацыю ў краіне”. Але не думаю, што гэта набудзе масавы характар. Па той самай прычыне, якая ўжо згадвалася, – людзі моцна змяніліся, сталі дабрэйшыя, разумнейшыя, больш прыстойныя.
– Тысячы нашых суайчыннікаў ужо выехалі за мяжу – хто ў Польшчу, хто ў Літву, хто яшчэ далей. Спартсмены, палітыкі, студэнты… А што мае рабіць пісьменнік, калі ў ягонай краіне – дыктатура і ўзурпацыя ўлады? З’язджаць ці заставацца? Вось два прыклады: Томас Ман і Ларыса Геніюш. Ман пакінуў гітлераўскую Германію, Геніюш засталася ў сталінскім Савецкім Саюзе, напісаўшы ў адным з вершаў: “Мяне ў зняволенні пакіньце – / там, дзе сягоння мой народ”. За кім рацыя?
– Спартсмены, палітыкі, студэнты – так, выязджаюць. А вось з пісьменнікамі крыху іншая сітуацыя, асабіста мне не да канца зразумелая. У прынцыпе, у мастацкай творчасці цэнзура ў нас адсутнічае. Прынамсі, да апошняга часу можна было пісаць і выдаваць усё што хочаш. Таму ў беларускага пісьменніка для эміграцыі павінны быць вельмі важкія прычыны, напрыклад – рэальная пагроза жыццю. Ва ўсіх астатніх выпадках ён мусіць быць са сваім народам. Кожная хвоя свайму бору шуміць. Акрамя таго, любы пісьменнік і так, сам па сабе, вечны эмігрант, нават калі ён ні разу не быў за мяжой і ўвогуле ніколі не выязджаў за ваколіцы роднага мястэчка.
– Акадэмік Радзім Гарэцкі прызнаўся ў нашай гутарцы для “Народнай Волі”, што ён шчаслівы: у свае 92 гады нарэшце ўбачыў, як абудзіўся беларускі народ. А што цябе найбольш уразіла ў падзеях апошніх трох месяцаў?
– Уразіла, што прачнулася рускамоўная Беларусь. Я заўсёды ведаў, што нешта такое вось-вось адбудзецца, але быў упэўнены, што толькі беларускамоўнае грамадства здольнае на гэткія рашучыя крокі. Я памыліўся. Але ніколі яшчэ мне не было так прыемна ад уласнай памылкі.
– У канцы нашай гутаркі дазволю сабе прыгадаць адну эпіграму: “Як нямогламу дзеду кавенька, / Як карчма пры вялікай дарозе – / Так патрэбны Андрэй Федарэнка / Беларускай задыханай прозе!” І я пагаджуся – патрэбны, проста неабходны. Чым у бліжэйшы час маеш парадаваць сваіх чытачоў?
– Яшчэ да эпохі Вялікага Каранціну я задумаў і пачаў пісаць дэтэктыўна-прыгодніцкі раман, у якім акрамя іншага разглядаецца пытанне ўлады як сэнсавай катэгорыі. Што ж гэта такое, гэтая ўлада, што за яе трэба так чапляцца, якая патрабуе такіх ахвяр, якая цалкам падпарадкоўвае, забірае ў свае лапы найперш таго, хто ёю надзелены? Уладалюбства – гэта натуральнае чалавечае памкненне ці паталогія? Напрыклад, французскі філосаф Мантэнь сцвярждаў, што куды больш прыемна і нават больш выгодна выконваць загады, чым іх аддаваць… Вось цяпер я над усім гэтым і разважаю.