«Бледны» Пуцін паміж двух агнёў
- 12.11.2020, 9:02
Экспэрт патлумачыў, чаму РФ пагадзілася на ўсялякія ўмовы ў Карабаху.
Расея не магла не ўмяшацца ў канфлікт у Нагорным Карабаху, хоць не вельмі гэтага і хацела. Таму прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну давялося выступіць "міратворцам".
Такое меркаванне выказаў расейскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін у інтэрв'ю Obozrevatel.
Са слоў экспэрта, Пуцін вымушаны быў нешта рабіць, хоць у яго быў даволі вузкі калідор магчымасцяў.
"Ён і так выступіў досыць слаба з пункту гледжання класічнай расейскай геапалітыкі, таму што, фармальна кажучы, ёсць дамова АДКБ - Дамова аб калектыўнай бяспецы ў краінах былога СНД, чальцом якой з'яўляецца Арменія. І там чорным па белым напісана, што напад на кожнага чальца АДКБ прыраўноўваецца да нападу на ўсіх астатніх", - нагадаў палітолаг.
Калі б Азербайджан наступаў далей, то перамог бы ў гэтай вайне. Націснуўшы на яго, гаспадар Крамля спыніць гэты пераможны наступ.
"Не залазіць ён (Пуцін, - рэд.) проста не мог, бо ён і так выглядае недастаткова пераможна. Пераможна выглядае Аліеў і Эрдаган. Пуцін мае даволі бледны выгляд, але вось зыходзячы з таго, што ён не можа сварыцца з Турцыяй і не хоча сварыцца з Азербайджанам і тым больш з сусветным ісламам, то апынуўся ў даволі вузкім калідоры. У яго не было іншых варыянтаў, акрамя як паспрабаваць разыграць міратворчую карту", - патлумачыў палітолаг.