Крэмль рыхтуецца да радыкальных санкцый ЗША
- 12.11.2020, 9:52
Расею могуць адлучыць ад SWIFT.
Адміністрацыя Джо Байдэна ў ЗША, напэўна, будзе далей узмацняць санкцыі ў дачыненні да Расеі, заявіў кіраўнік Сбербанка Герман Грэф у інтэрв'ю тэлеканалу «Расія-1», паведамляе finanz.ru.
Паводле ягоных слоў, расейска-амэрыканскія дачыненні рызыкуюць вярнуцца на ўзровень, які назіраўся за Баракам Абамам.
«Мабыць, будзе сцішаны канфлікт з Кітаем. Аднаўленне Паўночнаатлантычнага альянсу з Еўропай. Мусіць, далей будуць нейкія праблемы і спробы ўжываць санкцыйныя практыкі ў дачыненні да Расеі», - пералічыў Грэф. Пры гэтым аб'ектаў для санкцый, паводле ягоных слоў, «засталося не так шмат», бо дзве папярэднія адміністрацыі «вычарпалі велізарны запас» абмежавальных захадаў.
У «чорныя спісы патрапілі» чыноўнікі і мільярдэры, абаронныя і суднабудаўнічыя заводы, дзяржаўным банкам і кампаніям было забаронена браць на Захадзе крэдыты, а нафтагазаваму сэктару - імпартаваць сучасныя тэхналогіі здабычы.
«Наступныя санкцыі могуць быць вельмі радыкальныя, могуць прычыніцца да вельмі істотнага дысбалансу ў сусветных стасунках», - папярэдзіў Грэф.
Зрэшты, той факт, што ў арсенале Вашынгтона засталіся толькі вельмі жорсткія захады, на думку кіраўніка Сбербанка, зніжае імавернасць іх ужывання. «Я не думаю, што хтосьці сёння зацікаўлены ствараць яшчэ адзін такі пункт напружання», - сказаў ён.
Нагадаем, дэмакрат Байдэн падчас перадвыбарнай кампаніі назваў Расею галоўным супраціўнікам ЗША і анансаваў «перагляд» стасункаў, наладжаных за адміністрацыяй Дональда Трампа.
У арсенале Байдэна застаюцца шматлікія санкцыйныя законапраекты, унесеныя ў кангрэс за апошнія 4 гады. У іх ліку - праект «пякельных санкцый» Боба Мэнэндэса і Ліндсі Грэма, які патрабуе забараніць укладанні ў расейскую дзяржаўную запазычанасць і адцяць ад даляравых аперацый адзін або некалькіх з 8 найбольшых дзяржаўных банкаў.
Яшчэ больш радыкальную ідэю прапанавалі ў чэрвені 2020 года рэспубліканцы Майк Джонсан і Джо Уілсан. На іхнюю задуму Расею варта абвясціць дзяржавай-фундатарам тэрарызму за падтрымку Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі Ірана, лібанскага руху «Хезбалаг», забароненай у РФ групоўкі «Талібан», а таксама праварадыкальнага «Расейскага імперскага руху», які ў красавіку 2020 года быў уключаны Дзяржаўным дэпартаментам у спіс тэрарыстычны арганізацый.
У якасці санкцый прапануецца дамагацца адлучэння Расеі ад сістэмы міжнародных міжбанкавых разлікаў SWIFT, пры патрэбе наклаўшы санкцыі на саму арганізацыю датуль, пакуль яна не выключыць РФ са складу сваіх чальцоў.