BE RU EN

Як дзейнічае альтэрнатыўнае пасольства Беларусі ў Бэрліне

  • 12.11.2020, 10:03

Гісторыя пра першую перамогу народнай дыпламатыі.

Беларускія актывісты, якія жывуць у Бэрліне, арганізавалі насупраць афіцыйнай амбасады Беларусі альтэрнатыўную - у драўляным вагончыку з бел-чырвона-белым сцягам. Як яна з'явілася і чым займаецца - у рэпартажы dw.com.

Праз дарогу ад будынка беларускага пасольства ў Бэрліне стаіць драўляны вагончык з прымацаваным да яго шасцімэтровым флагштокам, на якім лунае бел-чырвона-белы сцяг - сімвал пратэстаў у Беларусі. Беларускія актывісты, якія жывуць у Бэрліне, называюць гэты домік-прычэп з светлых дошак з пляскатым дахам і рассоўнымі зашклёнымі дзвярыма альтэрнатыўным пасольствам свабоднай і дэмакратычнай Беларусі ў Нямеччыне. За няпоўныя два месяцы яны правялі тут больш за сорак акцый салідарнасці з аднадумцамі-пратэстоўцамі на радзіме.

Вагончык знайшоўся шчаслівым выпадкам

Альтэрнатыўнае пасольства з'явілася дзякуючы шчаслівай выпадковасці ды ініцыятыве аднаго з суарганізатараў акцый пратэсту, Тараса Сякеркі. Усмешлівы бэрлінец родам з Гомеля апавядае, што падчас прэзідэнцкіх выбараў на радзіме і пасля іх ён доўгі час правёў у Беларусі, галасаваў, потым удзельнічаў у дэманстрацыях і вярнуўся ў Бэрлін "насілкаваны нашай беларускай атмасфэрай". Актывісцкую дзейнасць ён працягнуў у Нямеччыне і спачатку штодзень стаяў па некалькі гадзін у пікеце перад уваходам у амбасаду. На плакаце ў яго было напісана па-нямецку "Сігналь за свабоду Беларусі".

Аб не самім відавочным выбары месца для акцый, якое знаходзіцца далёка ад цэнтра і жвавых вуліц, побач з Трэптаў-паркам, Тарас кажа: "Тут аднабаковая трохпалосная праезная частка, і мой плакат убачыла вялікая колькасць кіроўцаў. Яны былі не знаёмыя з ужо звыклай беларусам формай пратэсту, але заўважылі надпіс, прачыталі і, зноў праязджаючы міма, сапраўды, сталі ўсё часцей сігналіць".

Аднойчы падчас чарговага адзіночнага пікету да актывіста падышоў малады хлопец. Ён выказаў словы падтрымкі і сказаў, што яму належыць вагончык, ужо паўгода прыпаркаваны насупраць беларускай амбасады. У Тараса ўмомант нарадзілася ідэя папрасіць дазволу на выкарыстанне вагончыка. Яго гаспадар пагадзіўся.

Цяпер вагончык упрыгожваюць самаробныя плакаты, улёткі з інфармацыяй на розных мовах, фатаграфіі, якія сведчаць пра гвалт міліцыянтаў супраць беларусаў, а таксама абвесткі са звесткамі фондаў, якія збіраюць грошы для сем'яў страйкоўцаў і пацярпелых. Унутры дамка захоўваюцца расцяжкі і сцягі, якія актывісты выкарыстоўваюць у часе акцый пратэсту.

Афіцыйная амбасада Беларусі не рэагуе

Актывісты кажуць, што ніякай прыкметнай рэакцыі з боку афіцыйнай амбасады на такое суседства дагэтуль няма - ні пазітыўнай, ні негатыўнай. Але арганізатары альтэрнатыўнага пасольства не выключаюць, што беларускія спецыяльныя службы спрабуюць выгнаць іх адтуль: пасля таго, як вагончык стаў інфармацыйным цэнтрам беларускай дыяспары, ім раптам зацікавіліся "ананімныя кліенты з інтэрнэту" і пэўны час настойліва спрабавалі арандаваць яго ва ўладальніка.

На адным з плакатаў на сцяне вагончыку прымацаваны фотаздымак цяперашняга пасла Беларусі ў Нямеччыне Дзяніса Сідарэнкі з надпісам: "Звольнены". Актывісты незадаволеныя тым, што ён і ягоныя калегі дагэтуль захоўваюць маўчанне, якое можна прыняць за лаяльнасць да дыктатарскага рэжыму. Са слоў адной з удзельніц акцый Веранікі Кругловай, актывісты "хацелі б, каб супрацоўнікі афіцыйнага пасольства нашай краіны ў Нямеччыне перайшлі на бок народа, выказалі сваю падтрымку, як гэта зрабіў, напрыклад, найгодны чалавек - пасол Беларусі ў Аргентыне".

Альтэрнатыўнае пасольства адкрытае штодня. На пытанне, ці будзе яно, напрыклад, у якасці мастацкай акцыі выдаваць альтэрнатыўныя візы і пашпарты, Тарас Сякерка падміргвае: "Ды мы яшчэ і вяселлі будзем праводзіць!".

Апошнія навіны