BE RU EN

Мянчук з «Плошчы пераменаў», на якога напалі лукашысты – у крытычным стане

  • 12.11.2020, 13:25

У аперацыйную яго прывезлі ўжо ў коме.

Апошняе паведамленне, якое 31-гадовы Раман Бандарэнка напісаў у дваровым чаце вядомай менскай «Плошчы пераменаў»: «Я выходжу!» Як расказваюць ягоныя суседзі, невядомыя ў масках зноў прыехалі здымаць бел-чырвона-белыя стужкі, у нейкі момант пачалася бойка. Збітага Рамана завялі ў мікрааўтобус і павезлі, недзе праз паўтары гадзіны з РАУС хлопца даставілі ў лякарню хуткай медыцынскай дапамогі з ацёкам мозгу.

Роман Бондаренко во время службы во внутренних войсках. Фото из социальных сетей.

– Раман паступіў у БХМД у 00.05 ночы з вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, ранкамі. Ён знаходзіўся ў затарможаным стане, але ў аперацыйную ўжо прывезлі ў коме. Аперацыя доўжылася некалькі гадзінаў, – расказваюць у лякарні хуткай медыцынскай дапамогі.

Паводле словаў медыкаў, малады чалавек у крытычным стане, піша tut.by.

У сераду ўвечары жыхары дамоў з «Плошчы пераменаў» убачылі, што да іх прыехалі мікрааўтобусы з невядомымі ў масках, каб чарговы раз зняць бел-чырвона-белыя стужачкі.

Фото: tut.by

– Гэта было а 22-й, – расказвае жыхарка дома Юлія.

– Прыехалі ў цывільным шэсць мужчынаў і тры жанчыны. Мяркуючы з іх размоваў, жанчыны няпростыя.

Жыхары шматпавярховак тут жа напісалі пра гэта ў мясцовым чаце. Сярод тых, хто надумаў выйсці на вуліцу, быў 31-гадовы Раман Бандарэнка, ён паспеў напісаць: «Я выходжу!»

– Паміж чалавекам у балаклаве і невядомым хлопцам завязалася нейкая слоўная сварка, Рома ў ёй не ўдзельнічаў, ён стаяў побач і слухаў, – кажа сведка падзей. – Потым ён нешта сказаў, і чалавек у балаклаве спытаў: «Ты чаго нахабны такі?» Адштурхнуў Рому бліжэй да мурала, ён спрабаваў ухіліцца, але невядомы схапіў яго і з усёй сілы адкінуў да горкі на пляцоўцы. Ён моцна стукнуўся галавой.

Жыхары адзначаюць, потым усё развівалася імкліва і да канца незразумела, як: выпаў нечы тэлефон, хтосьці яго падхапіў і стаў уцякаць.

– І Рому сталі мутузіць ужо двое. Білі не толькі яго, але і незнаёмага пацана, які першапачаткова гутарыў з чалавекам у балаклаве. Прыблізна гэта было ў 22.16, – дадаюць мясцовыя жыхары. – Потым Рамана павезлі. Складана сказаць дакладны час, але ў 22.30 мы ўжо былі дома. Сталі абзвоньваць РУУС, і толькі ў Цэнтральным сталі пытацца, хто мы, кім даводзімся, прасілі пакінуць свае звесткі.

Пазней суседзі даведаліся: Раман Бандарэнка знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане. Туды ён паступіў з фармулёўкай «траўмы атрымаў падчас бойкі».

Паводле інфармацыі нашых суразмоўцаў, Раман – мастак. Якраз учора ён звольніўся з працы.

Сёння на «Плошчы пераменаў» ідуць следчыя дзеянні.

Жыхарка «Плошчы пераменаў» Таццяна – адна з тых, каго апытваў Следчы камітэт. Яна сцвярджае: учора да іх дома прыехалі чатыры мікрааўтобусы.

– Такіх, на якіх працуюць падчас усіх шэсцяў, – кажа Таццяна. – Было два бусы з танаваным шклом, я змагла разгледзець кіроўцу ў чорнай вопратцы і балаклаве. Яшчэ ў двух мікрааўтобусах людзі былі ў цывільнай форме, у масках, з каптурамі і ў шапках. Раман у іх спытаў, навошта яны прыехалі і што робяць. Адзін з мужчынаў быў першапачаткова агрэсіўна настроены і пачаў грубіць, абражаць, а потым штурхнуў Рамана.

Таццяна ўспамінае, у нейкі момант увага пераключылася на дзіця, калі павярнулася – Рамана Бандарэнку ўжо трымалі некалькі чалавек.

– Было бачна, што людзі ўмеюць праводзіць затрыманні. Рамана ў бус выносілі ў свядомасці, – кажа Таццяна, якая таксама была відавочцай падзей.

«Наша Ніва» пагутарыла з стрыечнай сястрой Рамана.

«Відавочцы сказалі ягонай маме, што Рамана закінулі ў бус, пасля гэтага бус вельмі моцна трэсла. Магчыма, яго білі?

Потым яго адвезлі ў РУУС. Рома быў у затарможаным стане, яго пачало ванітаваць. Але чамусьці ў РУУС ён правёў цэлыя 2 гадзіны, – расказвае сястра. – Потым ён трапіў у лякарню, дзе зрабілі аперацыю.

Сёння ў лякарні – кансіліум, прыехаў нейкі прафесар. Кажуць, калі б раней прывезлі ў лякарню, то былі б нейкія шанцы, а цяпер шанцаў мала зусім. Лекары кажуць, што яго вельмі позна даставілі. Цяпер Раман у коме».

Апошнія навіны