Кіроўная партыя і апазіцыя Грузіі пачалі перамовы
- 12.11.2020, 17:51
Пасярэднікамі выступаюць ЕЗ і ЗША.
Кіроўная партыя «Грузінская мара» і апазіцыйныя сілы сустрэліся для перамоў у рэзідэнцыі амбасадара ЗША, каб дамовіцца аб выхадзе з крызісу пасля парламенцкіх выбараў.
Пра гэта паведамляе «Грузія Онлайн».
Акрамя амерыканскага амбасадара Кэлі Дэгнана, на сустрэчы прысутнічалі таксама кіраўнікі дыпламатычных місій ЕЗ і Францыі.
Сярод апазіцыі - прадстаўнікі ўсіх сіл, якія перасягнулі прахадны бар'ер 1% - «Адзіны нацыянальны рух», «Еўрапейская Грузія», «Стратэгія Агмашэнебелі», «Ліла», «Гірчы», «Альянс патрыётаў», «Грамадзяне» і «Лейбарысцкая партыя».
«Грузінскую мару» прадстаўляе спікер парламента Арчыл Талаквадзэ.
Гэта першыя перамовы ўлады і апазіцыі пасля парламенцкіх выбараў 31 кастрычніка.
Нагадаем, на парламенцкіх выбарах «Грузінская мара - Дэмакратычная Грузія» атрымала 48,36% галасоў. Апазіцыйныя сілы пасля гэтага заявілі аб «маштабных фальсіфікацыях» і адмовіліся ад мандатаў у парламенце на знак пратэсту.