BE RU EN

За апошнія гады ва Украіну імігравала больш за 50 тысяч расейцаў

  • 12.11.2020, 19:31

Звыш 19 тысяч сталі ўкраінскімі грамадзянамі.

За дзесяць месяцаў гэтага году 2 857 грамадзян Расейскай Федэрацыі атрымалі дазвол на іміграцыю ва Украіну, паведаміла Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны (ГМСУ) на запыт DW. Усяго, са слоў украінскіх міграцыйных улад, сёлета 8 932 замежнікі падалі свае просьбы на іміграцыю. З гэтага ліку расейцы складаюць 32 працэнты.

Агулам, паводле інфармацыі ГМСУ, з 2014 года да 1 лістапада 2020 года ўкраінскія іміграцыйныя дакументы атрымалі 51 779 грамадзян Расейскай Федэрацыі. Па гадах лікі выглядаюць так: у 2014 годзе атрымаў права на іміграцыю ва Украіну 15 571 расеец, у 2015 - 9 830 чалавек, у 2016 - 8 049, у 2017 - 6 823, у 2018 - 5 868 і у 2019 - 4 781. Звесткі ахопліваюць перыяд з 2014 года, часу анэксіі Крыма і акупацыі часткі Данбаса. Вайсковыя дзеянні, а пазней і каранцінныя меры праз пандэмію сур'ёзна ўскладнілі міграцыю грамадзян абедзвюх краін.

Хто можа іміграваць ва Украіну

У артыкуле 4 Закона Украіны «Пра іміграцыю» пералічаныя трынаццаць падстаў, паводле якіх замежнікі могуць падаваць прашэнні. Такім правам валодаюць, напрыклад, дзеячы навукі і культуры, іміграцыя якіх адпавядае інтарэсам Украіны, высокакваліфікаваныя спецыялісты, асобы, якія інвеставалі ў эканоміку Украіны не менш за 100 тысяч даляраў ЗША, прамыя сваякі грамадзян Украіны, асобы, якія маюць права на набыццё ўкраінскага грамадзянства паводле тэрытарыяльнага паходжання, а таксама што праслужылі ва Узброеных Сілах Украіны не менш за тры гады. Дарэчы, замежнікам-добраахвотнікам урад Украіны у 2019 годзе нават спрасціў парадак падачы дакументаў на іміграцыю.

Замежнікі, якія бралі ўдзел ва ўзброеных сутыкненнях у Данбасе на баку Украіны, не толькі атрымліваюць права на законнае пражыванне і працу, але і часта становяцца яе грамадзянамі. Так, у 2019 годзе ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прадаставіў грамадзянства чатырнаццаці замежнікам, якія ваявалі за Украіну, сярод якіх расейцы Юрый Савілаў і Юлія Талапіла.

Новыя грамадзяне Украіны

Паводле звестак Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны, з 2014 года да 1 лістапада 2020 года грамадзяне Украіны сталі 19 304 расейцы. Самая вялікая колькасць 11 860 чалавек, атрымалі ўкраінскі пашпарт паводле тэрытарыяльнага паходжання, гэта значыць яны самі або іх сваякі нарадзіліся ці ўвесь час пражывалі да 24 жніўня 1991 года на тэрыторыі сучаснай Украіны, або iншых яе дзяржаўных фармаванняў у 20-ым стагоддзі, напрыклад, ва Украінскай Народнай Рэспубліцы.

Сярод вядомых расейцаў, якія сталі ўкраінскімі грамадзянамі, дачка Ягора Гайдара - Марыя. Яна атрымала ўкраінскі пашпарт у 2017 годзе, была дарадцам прэзідэнта Парашэнкі на грамадскіх пачатках. У канцы 2016 гады стаў украінскім грамадзянінам і экс-дэпутат Дзярждумы РФ Дзяніс Вараненкаў, які загінуў неўзабаве ў Кіеве ад рукі наёмнага забойцы.

Апошнія навіны