Збіты лукашыстамі Раман Бандарэнка памёр
- 12.11.2020, 19:57
Ён быў забіты супрацоўнікамі міліцыі.
Учора ўвечары на вядомай на ўсю Беларусь «плошчы Перамен» адбылося здарэнне. Паміж ціхарамі, што прыйшлі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі і мясцовымі жыхарамі ўзнік канфлікт, у выніку якога 31-гадовы жыхар пратэстнага двара Раман Бандарэнка быў у шпіталі з цяжкімі траўмамі.
Як стала вядома «Белсату», Раман Бандарэнка памёр у рэанімацыі. Гэтую інфармацыю шэрагу СМІ пацвердзіла сястра загінулага.
Мясцовая жыхарка Юлія стаяла побач з Раманам і бачыла ўсё на свае вочы. Вось што распавяла «Нашай Нiве» відавочца падзей:
«Учора а 10-й вечара ў наш двор прыехалі людзі ў цывільным з маскамі на тварах. Дзве-тры жанчыны і сем мужчын. Пачалі зразаць стужкі.
Я выйшла на вуліцу і бачыла падзеі на свае вочы, - распавядае Юлія. - У мяне ўзнікла спрэчка з адной з жанчын: што вы тут робіце? Адказ быў: мы неабыякавыя грамадзяне, жывём у сваёй краіне!
У гэты час я ўбачыла Рому. Падышла да яго, павіталася. Мы стаялі з ім і слухалі, як нейкі хлопец вядзе палеміку з адным з ціхароў.
Рома спакойны, не гарачы. Ён жа мастак. Ніколі не правакаваў на бойкі, паводзіў сябе абачліва. І ўчора таксама.
Рома слухаў-слухаў дыялог хлопца з ціхаром, потым зразумеў, што гэта бессэнсоўная размова. І сказаў хлопцу: «Усё, няма пра што тут размаўляць, сканчайце» .Тут ціхар да яго павярнуўся і сказаў: «Ты што тут, борзды?» І пайшоў на Рому. Рома пачаў адступаць. І яны апынуліся амаль каля мурала. Ціхар штурхнуў Рому.
Рома ўхіляўся, але не адбіваўся! Але ціхары схапіў яго, пачалі круціць. І атрымалася так, што ён моцна штурхнуў Рому на дзіцячую металічную лесвічку і насеў на яго. І тут у гэтага ціхара выпаў тэлефон. Я крыкнула: «Рома, здымі маску з яго!» Пасля гэтых слоў ціхар падхапіў тэлефон і рэзка ўцёк, кажа Юлія.
«Але ў тую ж секунду з розных кутоў падбеглі двое ў шэрым і чорным - не ў форме, у цывільным і ў масках. Яны падбеглі і пачалі Рому «прэсаваць»: яны яго не білі, але населі, прыціснулі да зямлі. Увесь гэты час па перыметры двара стаялі таніраваныя бусы. З іх ніхто не выходзіў.
І гэтыя, якія выбеглі, узялі Рому, панеслі за рукі і ногі, махнулі бусу, каб той пад'ехаў. Рому кінулі ўнутр машыны. Каб бус гайдаўся - гэтага я не бачыла. Кінулі, і бус адразу з'ехаў.
Усё гэта я пераказала сёння следчым. Уважаю, што сітуацыю трэба максімальна апублікаваць.
Я думаю, Рамана білі або ў бусе, або ў РУУС. На пляцоўцы гэта была валтузня, а не бойка. І Раман аб тую лесвічку стукнуўся не галавой! Ва ўсякім выпадку я так убачыла. І крыві потым на дзіцячай пляцоўцы не было».
Нагадаем, уначы ў лякарню паступіў 31-гадовы Раман Бандарэнка з вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, ранкамі. Аперацыя доўжылася некалькі гадзін.
Гэта не першая смерць падчас мірных пратэстаў у Беларусі. Ужо загінулі Аляксандр Тарайкоўскі (Менск), Аляксандр Віхор (Гомель), Генадзь Шутаў (Берасце), Мікіта Крыўцоў (Меншчына). Таксама выклікае пытанні гібель дырэктара Ваўкавыскага музея Канстанціна Шышмакова.