BE RU EN

Следчы камітэт прыпыніў праверку паводле справы Аляксандра Тарайкоўскага

  • 13.11.2020, 15:19

Лукашэнка заахвочвае беспакаранасць за забойствы беларусаў?

Управай Следчага камітэта Менску прыпыненая праверка паводле справы Аляксандра Тарайкоўскага. Крымінальную справу дагэтуль не распачалі, хоць ёсць сведка гібелі мужчыны. Пра гэта tut.by распавяла адвакатка Альвіна Мінгазава.

«Следчы камітэт спасылаецца на арт.173-3 КПК Беларусі. Згодна з гэтым артыкулам, праверка можа быць прыпыненая на падставе неатрымання адказу на міжнародны запыт; неатрымання вынікаў экспэртызы ці праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці», - распавяла адвакатка.

У адпаведнасці з КПК тэрмін прыпынення праверкі можа доўжыцца да 3 месяцаў.

Альвіна Мінгазава мае намер звярнуцца па тлумачэнні, што менавіта паслужыла прычынай прыпынення праверкі.

Яна таксама паведаміла, што ёсць сведка гібелі Тарайкоўскага, ёсць ягоныя паказанні - і знятыя на відэа, і пісьмовыя. Следчы камітэт просіць падаць ягоныя звесткі, і адвакатка іх не хавае, як і сам сведка.

Нагадаем, 10 жніўня каля станцыі метро «Пушкінская» загінуў Аляксандр Тарайкоўскі. Ягоныя апошнія хвіліны жыцця трапілі на відэа, і гэтыя кадры зняпраўдзілі першапачатковую версію МУС, якая гучала так: «10 жніўня, каля 23.00, падчас масавых беспарадкаў у Менску на вул. Прытыцкага натоўп будаваў барыкады для блакавання руху. Падчас супрацьстаяння са спецназам, які прыбыў для дэблакавання плошчы, адзін з дэманстрантаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём».

На здымцы відаць: у Аляксандра няма нічога ў руках, і ён падае на зямлю пасля ранення ў грудзі.

Пакуль СК не спяшаецца даць прававую ацэнку гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, на двух менчукоў ужо распачалі крымінальную справу за надпіс «Не забудземся» на месцы гібелі мужчыны. Абвінавачаная Марыя Бабовіч цяпер знаходзіцца пад вартай, ёй інкрымінуюць адразу два артыкулы Крымінальнага кодэксу РБ - ч.2 арт.339 (Хуліганства) і ч.2 арт.218 (Наўмыснае пашкоджанне маёмасці). Таксама за кратамі за аднаўленне фразы «Не забудземся» апынуўся Дзяніс Граханаў. Са слоў ягонай мамы, «Гаррамаўтадар» налічыў шкоду 10 тысяч рублёў. Марыі і Дзянісу пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны