BE RU EN

Станіслаў Шушкевіч: Сёння народ здольны супрацьстаяць цемрашальству нелегітымнага Лукашэнкі

  • 13.11.2020, 16:17

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі - пра сітуацыю ў краіне.

Адзін з заснавальнікаў сучаснай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня першага незалежнага Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1991-1994), сёння, праз узрост, сам не ўдзельнічае ў пратэстах. Але на мінулым тыдні ўлады арыштавалі ягонага сына, таксама Станіслава Шушкевіча, на 10 дзён за допісы ў Facebook. У інтэрв'ю The Insider Шушкевіч-старэйшы распавёў, чаму падзеі ў Беларусі яму нагадалі ягонае дзяцінства і як краіна можа выйсці з рэвалюцыйнай сітуацыі.

- Пасля затрымання сына вы заявілі, што гэта камяні ў ваш бок. Чаму вы так мяркуеце?

- Наогул, ён - прадпрымальнік, і яго хацелі злавіць на эканамічных парушэннях. Але не атрымлівалася адразу. Тады наважылі затрымаць нібыта для апытання. А потым нешта прыдумаць. Але яго не было дома. Тады зрабілі засаду каля кватэры. Яго затрымалі і адвезлі ў РАУС Кастрычніцкага раёна ўвечары. Апытанне правялі, але адпусціць не адпусцілі. Мабыць, не знайшлося падстаў для затрымання. І тады на заяву ўчастковага, пра тое, што ў Станіслава на Facebook ёсць рэпосты, якія не падтрымліваюць існую ўладу, яго асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула і прысудзілі 10 дзён арышту. Цяпер вывучаюць ягоны тэлефон, каб знайсці кампрамат на сына, ягоных сяброў або проста знаёмых, каб можна было пасадзіць ужо на працяглы тэрмін. Гэта называецца аператыўна-вышуковымі мерапрыемствамі.

Усё гэта – грубая знявага Канстытуцыі, але ўсё гэта мае месца з многімі ў Беларусі! А гэты канкрэтны выпадак я расцэньваю як выпад супраць мяне. А я толькі ўзгадваю Ахматаву: «У мяне так шмат кінута камянёў, што ніводзін ужо не страшны».

- А як улада дзейнічае ў дачыненні да вас?

- Самым мярзотным чынам! Яна пазбавіла мяне законнай пенсіі - я атрымліваю толькі мінімальную пенсію па ўзросце. Без усялякіх дабавак, пакладзеных у Беларусі, і насуперак таму закону, які быў прыняты парламентам і які мне гарантуе 75% ад акладу старшыні Вярхоўнага Савета. Улада спасылаецца на тое, што гэтага органа больш няма, як быццам яго паўнамоцтвы не атрымаў у спадчыну цяперашні парламент. Помслівасць чалавека, які ў нас займае пасаду прэзідэнта, не ведае межаў.

- Вы чакалі, што пасля 9 жніўня так значна зменіцца сітуацыя ў краіне?

- Мне 85. І ў сілу здароўя, разумеючы, што я ўжо наўпрост не магу быць датычны да актыўных падзеяў, я стараўся ні на што не спадзявацца і не даваць нікому парад, як дзейнічаць. 30 гадоў таму я разумеў, што і як трэба добра рабіць, і сёе-тое зрабіў. А сёння...я проста спадзяюся на лепшае.

- За тыя 26 гадоў, якія Лукашэнка быў ва ўладзе, ці была ў яго магчымасць спакойна сысці з пасады прэзідэнта?

- У яго не было і не можа быць ні такога моманту, ні такога жадання, бо ён з самага пачатку сабраў вакол сябе не рэфарматараў, а людзей з прагай правіць. Гэта была памылка нашых маладых палітыкаў - Анатоля Лябедзькі, Дзмітрыя Булахава, Віктара Ганчара ды іншых. Яны хацелі быць «мазгавым цэнтрам» Лукашэнкі, а ён бы кіраваў краінай сваёй магутнай воляй так, як трэба, на іх парады. Але гэта было наіўна! У выніку ён з імі з усімі расправіўся і сабраў хунту, якая не ўмее кіраваць, а ўмее толькі панаваць. І калі сёння ўсё звесці да самага простага паказчыка – мінімальнага заробку, то ён у 3- 3,5 разы меншы, чым у Літве, Латвіі, Эстоніі і Польшчы - у суседзяў, якія стартавалі з умоў, горшых, чым мы. Вось і ўвесь вынік гэтага праўлення!

- Але і адсутнасць палітычных свабод, і цяперашняе жорсткае падаўленне - таксама не менш важныя вынікі гэтага праўлення...

- Тое, што цяпер адбываецца на вуліцах, параўнальнае з падзеямі майго дзяцінства - фашысцкай акупацыяй. Мне тады было 6,5 гадоў, і тры гады з іх я бачыў тое, што рабілася. Цяпер такімі ж фашысцкімі метадамі - я падкрэсліваю гэтае слова - дзейнічае міліцыя асобага прызначэння, якую нават нельга называць АМАПам - гэта садысты, якім усё дазволена. Мне тэлефануе дачка і расказвае: яны адразу ідуць у тым кірунку, дзе збіраюцца людзі, і калі сабралася тры чалавекі і больш, то яны без усялякай прычыны іх хапаюць, саджаюць у аўтамабіль з кратамі на вокнах і бязлітасна б'юць. Яны ваююць са сваім бяззбройным мірным народам.

У Беларусі 9 жніўня адбылася найважнейшая падзея: гэты прыгнёт ператварыў людзей усіх нацыянальнасцяў у адзіны беларускі народ. І сёння ён здольны супрацьстаяць гэтаму цемрашальству нелегітымнага прэзідэнта. Але я больш за ўсё баюся масавага кровапраліцця, на якое здольныя гэтыя галаварэзы і іх правадыры: у нас ужо некалькі чалавек загінулі на вуліцах, многія атрымалі найцяжэйшыя траўмы. 12 лістапада стала вядома, што ў рэанімацыі памёр Раман Бандарэнка, забіты да смерці ў двары свайго дома ў Менску праз БЧБ-сцягі. Яшчэ адна нявінная ахвяра Лукашэнкі!

Але самая вялікая бяда, што ўсё гэта падтрымлівае Пуцін. Для яго гэта самы просты спосаб залучыць Беларусь у Расейскую імперыю. І Лукашэнка фактычна гэтаму садзейнічае: лозунгі ў яго за незалежнасць, а ніякай незалежнасці няма. Ён просіць у Пуціна грошы на сваіх бандытаў, якія разганяюць людзей, што сотнямі тысяч выходзяць на дэманстрацыі. І Пуцін, хоць і на дух не пераносіць Лукашэнку, выдае яму паўтара мільярда рублёў на піку пратэстаў, абяцае даць пляцоўку для здабычы нафты.

- Вы сапраўды думаеце, што Пуцін хоча анэксаваць Беларусь?

- Задайце пытанне лягчэйшае! Ён хоча быць збіральнікам рускіх зямель, гэтакім новым Іванам Калітом або кімсьці такога кшталту. У Расеі ж таксама топчацца Канстытуцыя, шалёны тэрмін, абнуленне. На постсавецкай прасторы, на жаль, усюды, акрамя, мабыць, краін Балтыі, Украіны і Малдовы, замацоўваюцца аўтарытарныя рэжымы. Але калі ў некаторых краінах ёсць хоць нейкі нацыянальны каларыт, то ў нас працуюць савецкія прынцыпы «Я - начальнік, ты - дурань» і «Усё вызначаюць кадры».

А Лукашэнка зусім не разумее, як павінна працаваць сучасная дзяржаўная сістэма. Цяпер ён смяецца з выбараў у ЗША, бо там, у адрозненне ад Беларусі, не могуць хутка палічыць, хто пераможца. Ён - нікчэмны троечнік і трываць не можа сапраўдных спецыялістаў. Толькі за апошні час ён звольніў трох рэктараў, дырэктара РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандра Мрочака за тое, што той далучыўся да дэманстрантаў. Затым заявіў, што ён не будзе прызнаваць спецыялістаў, якія працавалі ў Польшчы ці якія атрымалі дыпломы ў Польшчы. Усе гэтыя ягоныя дзеянні абсалютна незаконныя. Але хто асмеліцца іх не выканаць, сам пазбавіцца пасады - такая сістэма.

- Але калі Лукашэнка ўсё ж сыдзе, вакол якой ідэі павінна аб'яднацца краіна?

- Я мяркую, што ў людзей розных нацыянальнасцяў, якія жывуць у Беларусі, пераважае цяга да Еўропы. Лепш быць беднай еўрапейскай краінай, чым гібець у велічным расейскім існаванні, быць увесь час на пазіцыі малодшага брата. Гэта адназначна. Заўважце, з дапамогай Белавежскага пагаднення мы хацелі дэцэнтралізаваць сістэму, зрабілі Каардынацыйны цэнтр у Менску. А Лукашэнка ва ўгоду Крамлю ўсё здаў у Маскву, напрыклад, эканамічны камітэт - а гэта самае галоўнае.

Сёння ў Беларусі ёсць адзіны хуткі і законны шлях выправіць становішча: у якасці часовага захаду да Канстытуцыі 1994-га года і па ёй правесці выбары. Яна, на ацэнку Венецыянскай камісіі, у дастатковай ступені дэмакратычная, у адрозненне ад той, што дзейнічае цяпер у Беларусі. Паводле ацэнкі самай важкай і незалежнай юрыдычнай камісіі ў свеце, наша цяперашняя Канстытуцыя выпраўленням папраўкаў не падлягае.

- Ці можна дапусціць да ўдзелу ў новых выбарах Лукашэнку?

- Калі яны будуць сумленнымі, то ўдзел у іх Лукашэнкі нічога не мяняе. Пры сумленным падліку ён не набярэ ніякай адчувальнай колькасці галасоў.

Апошнія навіны