Як мінімум чацвёра лекараў выйшлі з жодзінскага ІЧУ з каранавірусам
- 13.11.2020, 17:18
Лекар Яўген Майскі распавёў, як заразіўся COVID-19.
На гэтым тыдні чаргуюцца пасадкі з выхадамі. Дзевяць дзён скончыліся ў Яўгена Майскага, лекара МРТ РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. У сераду ён вызваліўся ў Жодзіне, з адлегласці паглядзеў на жонку, піша onliner.by.
У чацвер здаў аналізы і прайшоў РКТ лёгкіх, якая пацвердзіла каранавірусную інфекцыю і пнеўманію. У Майскага апошнія тры дні да выхаду прапаў нюх і павысілася тэмпература. Каранавірусная інфекцыя таксама дыягнаставаная ў ягоных калег: хірурга Дзмітрыя Маркелава, траўматолагаў-артапедаў Леаніда Глазкіна і Руслана Якубоўскага.
- Спачатку мы з калегамі сядзелі разам, - распавёў Яўген Майскі. - Пасля суда нас ператасавалі. Мяне адправілі ў камеру з 9 затрыманымі ў нядзелю, 1 лістапада. Перад маім выхадам сімптомы былі амаль ва ўсіх.
Невялікая слабасць з'явілася на другі дзень знаходжання ў Жодзіне, яе суправаджаў мінімальны кашаль і падвышэнне тэмпературы. На нашу просьбу тэмпературу вымералі інфрачырвоным градуснікам. Ён нічога ні ў каго не паказаў - максімум 36,9, але з адчуванняў тэмпература была як мінімум у траіх.
Другім сімптомам стаў інтэнсіўны галаўны боль. На трэці дзень у мяне імкліва знік нюх. Апошнія тры дні знаходжання ў Жодзіне я правёў без адчування пахаў.
Наогул, спачатку ўсё лёгка сапхнуць на прастуду, бо ў камеры не было гарачай вады. Ты п'еш халодную, мыешся халоднай. Плюс сон са стала ўключаным святлом (распараджэнне кіраўніцтва жодзінскага ІЧУ) прымушае арганізм знаходзіцца ў стрэсавым стане, што вядзе да значнага паслаблення імунітэту. Калі прапаў нюх, я сказаў: хлопцы, прыехалі.
Ад каго пачалася «карона»? Нерэальна разабрацца. Улічваючы, што ў нас з Маркелавым сімптомы з'явіліся ў адзін час, мы заразіліся разам. А дзе? Можа, у РУУС, а можа, і на працы. Але агулам выснова - імавернасць заражэння сукамернікаў 100%.
Тэсты ў турме? Якія?! Там таблетку анальгіну не выпрасіць. Парацэтамол і панангін - больш нічога не атрымалася дамагчыся. Лекара таксама прасілі - ніхто не прыйшоў.
Самі супрацоўнікі ходзяць і без масак, і ў масках, і ў балаклавах. Як хто ўважае за патрэбнае.