Як хадзіць у кавярню, калі ў горадзе маскавы рэжым?
- 13.11.2020, 17:47
Адказ экспэрта.
З 12 лістапада ў Менску ўвялі абавязковы маскавы рэжым. Журналісты запыталіся ў асацыяцыі рэстаратараў, як цяпер у сталіцы павінны працаваць установы грамадскага харчавання, калі госць можа зняць маску, ці абслужаць наведвальніка без гэтага сродку абароны і хто нясе адказнасць за парушэнне маскавага рэжыму.
Чалец назіральнай рады асацыяцыі рэстаратараў Яўген Васільеў растлумачыў tut.by, як будуць абслугоўваць наведвальнікаў падчас абавязковага маскавага рэжыму.
1. Ва ўстанове наведвальнік павінен быць у масцы. За сталом яе, вядома ж, можна зняць. Калі чалавек выходзіць з-за стала - зноў надзявае маску. Сталы ва ўстанове, як і вясной, павінны быць на адлегласці 1,5 метра адзін ад аднаго.
2. Задача персаналу - ужыць усе магчымыя захады і пераканаць наведвальніка карыстацца маскай. Калі забыўся яе, то можна набыць на касе ва ўстанове (іх можна прадаваць або раздаваць бясплатна наведвальнікам), калі не хоча надзяваць - папярэдзіць аб парушэнні санітарных правілаў і нормаў. Калі нічога не працуе, то ўстанова мае права адмовіцца абслугоўваць наведвальніка. Таксама на ўваходзе павінны быць аб'явы аб маскавым рэжыме.
3. Уся адказнасць за абслугоўванне наведвальнікаў без масак ляжыць на кіраўніку ўстановы. Штрафы для саміх менчукоў, якія не носяць маскі, пакуль не прадугледжаныя. Але гэтае пытанне разглядаецца. За парушэнне санітарных правілаў паводле адміністрацыйнага кодэксу адказваць будуць кіраўнікі аб'ектаў. Пытанне кантролю - у кампетэнцыі цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, МАРГ, управы гандлю і паслуг Менгарвыканкама.
Артыкул КоАП 16.8 Парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур, устаноўленых тэхнічнымі рэгламентамі, санітарных нормаў і правілаў, гігіенічных нарматываў.
Парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур (...) цягнуць накладанне штрафу ў суме да трыццаці базавых адзінак, на індывідуальнага прадпрымальніка - да двухсот базавых адзінак, а на юрыдычную асобу - да пяцісот базавых адзінак.
4. Таксама ва ўстановах павінны выконваць астатнія захады барацьбы з COVID-19 - правяраць тэмпературу ў супрацоўнікаў грамадскага харчавання, праветрываць памяшканне, праводзіць санітарную апрацоўку.
Усё пералічанае тычыцца як стацыянарных устаноў, так і пунктаў take away або астраўкоў у гандлёвым цэнтры - важна папярэдзіць людзей аб маскавым рэжыме, прапанаваць маску і выконваць захады сацыяльнага дыстанцыявання і барацьбы з COVID.