АЭС зламалася, нясіце наступную
- ІРЫНА ХАЛІП, «НОВАЯ ГАЗЕТА»
- 14.11.2020, 11:13
Беларуская АЭС «трыўмфальна» адпрацавала адзін дзень.
7 лістапада яе ўрачыста адкрыў Аляксандр Лукашэнка, а на наступны дзень яна прыпыніла выпрацоўку энэргіі праз паламаныя трансфарматары напружання. У Беларусі, зрэшты, ніхто гэтаму не здзівіўся.
7 лістапада ўсё адбывалася адначасова. У Менску АМАП хапаў на вуліцах лекараў і запіхваў іх у аўтазакі, а ў мірным небе над імі ляцеў шрубалёт Аляксандра Лукашэнкі, які накіроўваўся ў Астравец. Ён абляцеў АЭС і прызямліўся. Пасля таго як пуск адбыўся, Лукашэнка задаволена сказаў: «Наша краіна сёння становіцца ядзернай дзяржавай, гэта велізарны поспех, гэта вянок, калі хочаце, можа быць, этап суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны. Ён сведчыць, што ў нас ёсць мазгі, людзі кемлівыя, і ёсць надзейныя сябры, якія дапамаглі стварыць гэты ўнікальны аб'ект, які будзе служыць нам вельмі доўга».
Наконт ядзернай дзяржавы – няхай не пужаецца чалавецтва, бадлівай карове Бог рог не дае. Гэта проста даўняя фантазія Аляксандра Лукашэнкі.
Калі ён кажа пра ядзерную зброю – гэта гучыць прыблізна так, як прамовы пра стасункі з Расеяй. Пра Расею – ад «будзем грудзьмі абараняць сваіх братоў ад NATO» да «ў іх не атрымаецца нас нахіліць». І тое, і другое ніхто ў свеце не ўспрымае ўсур'ёз. Так і з уранам.
Некалькі разоў Лукашэнка сцвярджаў, што ў Беларусі засталася ядзерная сыравіна. Напрыклад, падчас паездкі ў Гомельскую вобласць у красавіку 2010 года ён казаў: «Я не буду хаваць: у нас застаўся высокаўзбагачаны ўран – сотні кілаграмаў фактычна ўжо зброевага і менш узбагачанага. Мне некаторыя кажуць: вывозьце гэты ўран. Хочаце ў Амерыку, мы вам заплацім, хочаце ў Расею. Я кажу: па-першае, чаму вы нам дыктуеце, бо гэта наш тавар. Мы яго трымаем пад кантролем МАГАТЭ. Мы не збіраемся рабіць брудныя бомбы і не збіраемся камусьці прадаваць. Мы ў даследчых мэтах выкарыстоўваем гэты ўран». І праз некалькі хвілінаў – пра тое, што вывад ядзернай зброі з Беларусі быў вельмі жорсткай памылкай.
Калі б хто-небудзь сур'ёзна паставіўся да словаў Аляксандра Лукашэнкі, то напэўна стаў бы сцвярджаць, што беларускі ўран – гэта кот Шродынгера, які знаходзіцца ў суперпазіцыі і адначасова існуе і не існуе. Праўда, фізікі-ядзернікі – напрыклад, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч – тлумачылі, што ў Беларусі няма тэхналогій для ўзбагачэння ўрану і ніякага высокаўзбагачанага ўрану тут няма, хіба што брудны, які выкарыстоўваўся для досведаў. Але такі ўран не можа быць збройным, ды і даследчы рэактар цалкам спынены ў 1998 годзе. Усё так. Але фантазіі пра ядзерную звышдзяржаву нікуды не дзеліся.
Цяпер іх падсілкоўвае АЭС, пабудаваная на мяжы з Літвой расейскімі спецыялістамі. Будаўніцтва пачыналася без рэферэнтнага праекту, экспертызаў і згоды Літвы – пра гэта пісалі сотні разоў, у тым ліку і «Новая». Літоўскія навукоўцы тлумачылі: паколькі АЭС размешчаная вышэй, чым рака Нерыс, якая павінна астуджаць рэактары, і ваду давядзецца пампаваць наверх, то любая няспраўнасць помпы можа парушыць паступленне вады і прывесці да аварыі. Цяпер літоўскія ўлады заклікаюць жыхароў 16 муніцыпалітэтаў, размешчаных за 100 кіламетраў ад беларускай АЭС, прыходзіць у аптэкі па бясплатныя таблеткі ёдыду калію, закупленага загадзя, яшчэ да ўводу станцыі ў строй.
Зрэшты, можна не спяшацца: яна не працуе. Прадстаўнік інфармацыйнага цэнтра АЭС у аўторак пацвердзіў «Інтэрфаксу», што для аднаўлення выпрацоўкі энэргіі патрабуецца «замена пэўнага абсталявання». А «Расатам» ужо вядзе з Лукашэнкам перамовы пра будаўніцтва другой АЭС у Беларусі.
І вось тут «Расатаму» хацелася б нагадаць, што самаабвешчаны Аляксандр Лукашэнка – зусім не той, з кім увогуле варта было б весці перамовы. Што б ён ні падпісаў, застанецца такім жа нелегітымным, як і ён сам.
І вось пра што кажуць цяпер беларускія эколагі: запускаць АЭС, як і любы іншы патэнцыйна небяспечны аб'ект, падчас рэвалюцый ці палітычных крызісаў – не проста безадказна, але і злачынна. Па-першае, усе сілы рэагавання, якія маглі быць задзейнічаныя для ліквідацыі магчымай аварыі, займаюцца ўціскам пратэстаў. А па-другое, у ахопленай полымем краіне, дзе адстаўны тыран ужывае зброю супраць грамадзянаў, АЭС таксама можа лёгка стаць зброяй. І не кажыце, што ўсё гэта магчыма толькі тэарэтычна.
Ірына Халіп, «Новая газета»