BE RU EN

Карнікамі Лукашэнкі будзе займацца паліцыя Ізраіля

  • 14.11.2020, 20:32

Іх імёны сталі вядомыя з незалежных тэлеграм-каналаў.

Ізраільскі грамадзянін Аляксандр Фруман, які ў жніўні быў затрыманы ў Менску на 78 гадзінаў і перажыў здзекі сілавікоў, 13 лістапада падаў заяву ў ізраільскую паліцыю, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на групу «Беларусы ў Ізраілі».

Фруман спадзяецца на выкарыстанне ўніверсальнай юрысдыкцыі ў дачыненні да беларускіх сілавікоў. Імёны сваіх крыўднікаў Аляксандр даведаўся з апазіцыйных тэлеграм-каналаў.

Аляксандр Фруман, спецыяліст у базах звестак і статыстыкі быў затрыманы ў Менску, на праспекце Незалежнасці, калі шпацыраваў разам з жонкай. Пасля таго, як ён сфатаграфаваў тэлефонам аўтобус з міліцыянтамі, яго нечакана схапілі людзі ў чорным, збілі і пасадзілі ў аўтазак, прадаўжаючы наносіць удары дубінкамі.

Аляксандр Фруман пракаментаваў для «Радыё Свабода» свой крок:

«Пасля падачы маёй заявы яны павінны пачаць расследаванне. Запытаць відэа з вонкавых камераў унутранага двара Савецкага РУУС. Прасіць допыту тых, хто ў гэтым удзельнічаў. Я перадаў паліцыі ўсе імёны супрацоўнікаў РУУС і некалькіх дакладна апісаў, што яны кіравалі катаваннямі. Таксама яны павінны дапытваць сведак, хлопцаў і дзяўчатаў, якія былі са мной падчас усяго зняволення.

Паводле закону ізраільская паліцыя абавязаная гэта зрабіць, у нас жа не Беларусь. Інакш да іх будуць ужытыя санкцыі за бяздзейнасць. Для мяне важна дамагчыся, каб іх унеслі ў спісы невыязных і падалі іх у міжнародны вышук».

Падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі былі затрыманыя і іншыя ізраільскія грамадзяне – Арцём Пронін, Станіслаў Рабунскі і Ганна Сіроціна.

Апошнія навіны