BE RU EN

«Выдатны хлопец Рома. Не забудземся, не даруем!»

  • 14.11.2020, 10:30

Раман Бандарэнка заўсёды ўсё рабіў за сябе і за кагосьці яшчэ.

У Менску загінуў Раман Бандарэнка – 31-гадовы жыхар «Плошчы Пераменаў», якога збілі да смерці за тое, што ён спрабаваў не даць зрэзаць БЧБ-стужкі. Аднагрупніца Рамана, якая вучылася разам з Раманам у Акадэміі мастацтваў, напісала пра тое, якім быў гэты чалавек, паведамляе kyky.org.

«– У Акадэміі мастацтваў маленькія групы. У нашай тэлерэкламе было восем чалавек. Сем капрызных, розных, творчых дзяўчатак і Ромка. Ужо на этапе ўступных экзаменаў, дзе кожны сам за сябе і конкурс некалькі чалавек на месца, у нас склалася сяброўская цёплая атмасфера. Мы адразу разумелі, з кім мы хочам вучыцца.

Не памятаю, ці паступалі з намі яшчэ хлапчукі, але Ромка дапамагаў расстаўляць нам драўляныя мальберты, крэслы без лішніх словаў, дапамагаў дзяўчаткам з планшэтамі, а гэта не такі ўжо і цяжар, калі шчыра, але Ромка быў такім. Ён быў тым абітурыентам, што дапамагаў іншым на экзамене парадай, разраджаў абстаноўку гумарам, ніякай канкурэнцыі. Ромка ездзіў або тэлефанаваў у Акадэмію, мог даведацца вынік за сябе і за іншага. Усім зычыў паступіць.

Калі мы прыйшлі на першы курс і ўсе сустрэліся, Ромка быў адзіны хлопец на сем эмацыйных, творчых дзяўчатак. Спакойна і з гумарам ставіўся да нас.

Добры быў, спагадны і вельмі спачувальны.

Рома дапамагаў нам усталёўваць графічныя праграмы на нашы кампутары. Дапамагаў рабіць курсачы, калі мы знаёміліся з светам кампутарнай графікі.

Памятаю, як мы з Марынай Пяшковай не маглі ніяк закончыць праект у “Афтэр эфекце”, каб паказаць курсавую. Мы рабілі гэта на кампутары Ромкі ў яго дома. Смяяліся, жартавалі, абмяркоўвалі планы будучыя дыпломныя працы і выкладнікаў. Ён нам заўсёды дапамагаў, таму што Раман быў такі, сумленны, добры і адказны нават за нас.

Наш курс тэлерэкламы выпуску 2013 года абараніў дыпломы дзякуючы Раману. Ён прынёс свой кампутар, усё падключыў за ўсю групу і дэманстраваў дыпломныя відэа.

Ромка, выдатны хлопец Ромка...

Мы не забудземся, не даруем».

Апошнія навіны