BE RU EN

Amnesty International патрабуе расследаваць гібель Рамана Бандарэнкі

  • 14.11.2020, 11:51

Калі гэтага не адбудзецца, віна падзе на рэжым Лукашэнкі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International патрабуе расследаваць гібель беларуса Рамана Бандарэнкі. Заяву пра гэта дырэктаркі бюро арганізацыі датычна Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс распаўсюдзіла яе прэс-служба, паведамляюць naviny.media.

«Улады Беларусі прадаўжаюць кіраваць з дапамогай тэрору, пераследуючы нязгодных, выкарыстоўваючы гвалт і кідаючы людзей у турмы. І тым не менш мы звяртаем да іх патрабаванне неадкладна пачаць больш хуткае, бесстаронняе і дбайнае расследаванне забойства Рамана Бандарэнкі з тым, каб змусіць вінаватых да адказнасці. Пакуль замест гэтага яны заяўляюць, што яго збілі “заклапочаныя грамадзяне”», – гаворыцца ў заяве.

На думку Стразэрс, «няма ніякіх сумненняў у тым, што Раман, як і сотні іншых, быў збіты супрацоўнікамі сілавых структураў». «І замест таго, каб даставіць яго ў лякарню, паліцыя затрымала яго. Невядома, што адбылося, пакуль ён знаходзіўся пад вартай, але на наступны дзень ён памёр у шпіталі», – адзначыла яна.

Прадстаўніца арганізацыі заклікала «пакласці канец гэтаму тэрору і выкрыць усіх вінаватых у здзяйсненні гэтых злачынстваў». «Калі гэтага не адбудзецца, гэта азначае, што сілы бяспекі пад камандаваннем Аляксандра Лукашэнкі будуць прадаўжаць ужываць самую жудасную тактыку рэпрэсій – бязлітасныя катаванні і нават забойствы – супраць уласнага народа», – мяркуе Стразерс.

Апошнія навіны