Біскуп Касабуцкі: Грамадства напоўненае гераізмам, як у вайну, калі хавалі людзей ад карнікаў
- 14.11.2020, 15:27
У гэтай салідарнасці мы можам прайсці праз любое выпрабаванне.
«Чарговая ахвяра тэрору, чарговая ахвяра гвалту» – так характарызаваў смерць Рамана Бандарэнкі біскуп Юры Касабуцкі на імшы ў памяць пра забітага 13 лістапада, паведамляе «Наша Ніва»
«Наша Ніва».
Біскуп заклікаў «у любой сітуацыі заставацца чалавекам, чалавекам з вялікай літары». «Зайздрасць, нянавісць, злосць, жаданне помсты» – біскуп заклікаў адкінуць гэтыя пачуцці.
«Кожны дзень мы молімся пра спыненне таго гвалту, які мы бачым, але, на жаль, яго робіцца ўсё больш», – адзначыў біскуп.
Ён з захапленнем адзначыў нараджэнне новай салідарнасці ў беларусах, «калі чалавек адчыняе дзверы, і забягае 20–30 чалавек, і даецца ім сховішча, хоць гэты чалавек і выракае сябе на небяспеку». Ён параўнаў цяперашнія ўчынкі беларусаў з тым, як «хавалі людзей ад карнікаў у Другую сусветную вайну». «Сёння наша грамадства напоўненае такім самым гераізмам», – сказаў біскуп. «Трэба маліцца, каб мы гэта захавалі», – заклікаў біскуп.
«Нам хочуць навязаць нянавісць, злосць, раскол, але, наадварот, гэта аб'ядноўвае людзей розных канфесій», – сказаў біскуп.
«Яны сталі ахвярай за шчаслівую будучыню для ўсіх нас», – сказаў біскуп Касабуцкі. «У гэтай салідарнасці мы можам прайсці праз любое выпрабаванне ў жыцці», – мяркуе біскуп.