МЗС Нямеччыны: Вінаватыя ў парушэнні правоў чалавека ў Беларусі павінны паўстаць перад судом
- 14.11.2020, 15:03
Улады Нямеччыны шакаваныя гібеллю Рамана Бандарэнкі.
Намеснік спікера Федэральнага міністэрства замежных спраў у пятніцу, 13 лістапада, заявіў:
«Да нас дайшла інфармацыя, у адпаведнасці з якой учора ў Менску да смерці быў збіты чалавек. Мяркуючы па наяўнай у нас інфармацыі, ён быў збіты сілавікамі ў масках. Мы выказваем глыбокія спачуванні ягонай сям'і, сябрам і ўсяму беларускаму народу. Мы ўзрушаныя трагедыяй і мяркуем, што неабходна тэрмінова правесці незалежнае расследаванне гэтай справы.
Маштабы гвалту і рэпрэсіяў з боку ўладаў Беларусі шакуюць. Хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць неаднаразова сказанае ў дачыненні да Беларусі, а менавіта, што Федэральны ўрад рашуча асуджае гвалт і рэпрэсіі. Мы з глыбокай занепакоенасцю адзначаем, што ўжыванне гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў з боку дзяржавы апошнім часам зноў ўзрасло. Учорашняе падзея самым трагічным і роспачным чынам гэтаму пацвярджэнне.
У іншых выпадках лічбы таксама гавораць самі за сябе. Толькі ў мінулую нядзелю было арыштавана больш за 1000 чалавек. Былі распачатыя сотні крымінальных спраў супраць мірных дэманстрантаў толькі таму, што яны бралі ўдзел у пратэстах. Гэта непрымальна, і гэта цалкам зразумела супярэчыць тым абавязацельствам, якія Беларусь узяла на сябе ў рамках АБСЕ.
Таму мы зноў і зноў заклікаем Беларусь, нарэшце, прыняць прапановы аб дыялогу са сваім насельніцтвам, правесці незалежнае расследаванне шматлікіх парушэнняў правоў чалавека і аддаць пад суд вінаватых».