BE RU EN

У Малдове прыход на выбары перавысіў 50%

  • 15.11.2020, 20:33

Гэта больш, чым у першым туры.

Прыход у другім туры выбараў прэзідэнта Малдовы, які праходзіць 15 лістапада, за дзве гадзіны да закрыцця выбарчых участкаў у краіне перавысіў 50 адсоткаў. Такім чынам, ён ужо вышэйшы, чым у першым туры, калі прагаласавала блізу 43 адсоткаў якія маюць права голасу, паведамляе svoboda.org.

Апаненты ў другім туры - кандыдатка ад праеўрапейскай Партыі дзеяння і справядлівасці Мая Санду (36% у першым туры) і дзейны прэзідэнт Ігар Дадон (32%). Яго падтрымлівае Партыя сацыялістаў, ён уважаецца за прарасейскага палітыка. Першы тур выбараў прайшоў 1 лістапада.

Паводле звестак выбарчай камісіі, да 20.00 у Менску ў нядзелю ў самой Малдове прагаласавалі больш за 1 мільён 300 тысяч чалавек, і яшчэ больш за 200 тысяч грамадзян краіны прагаласавалі за мяжой - гэта рэкордная колькасць. Малдаване за мяжой больш схільныя падтрымліваць Санду.

На тэрыторыі Рэспублікі Малдова адкрыта больш за дзве тысячы выбарчых участкаў. За мяжой - блізу паўтары сотні ўчасткаў, больш за ўсё - у Італіі (30), Расеі (17), Румыніі (13) і ЗША (12).

Са звестак выбаркама, амаль у 2 разы ў параўнанні з першым турам вырасла колькасць жыхароў самаабвешчанай Прыднястроўскай рэспублікі, якія ўзялі ўдзел у выбарах. Для іх адкрыты ўчасткі на правым беразе Днястра. Як і ў першым туры, улады ў Ціраспалі абвясцілі, што зробяць выключэнне для ахвотных прагаласаваць: каб пазбегнуць двухтыднёвага карантыну, жыхары Левабярэжжа павінны выехаць на ўчасткі з 8.00 і вярнуцца на тэрыторыю Прыднястроўя да 22.00, паказаўшы на адміністрацыйнай мяжы штамп пра ўдзел у выбарах. Пра гэта паведамляе Radio Europa Liberă Moldova. Да 20.00 паводле Менску прагаласавалі блізу 27 тысяч жыхароў рэгіёну.

Першыя вынікі галасавання чакаюцца ўжо ўвечары ў нядзелю.

Апошнія навіны