У Пэру пайшоў у адстаўку другі прэзідэнт за шэсць дзён
- 15.11.2020, 21:14
Ягоны адыход звязаны са здушэннем акцый пратэсту.
Часовы прэзідэнт Пэру Мануэль Мэрыно дэ Лама падаў у адстаўку. Пра гэта ён заявіў падчас выступу з пасланнем да нацыі, паведамляе газэта El Comercio.
Мэрыно дэ Лама ўступіў на пасаду часовага выканаўцы абавязкаў прэзідэнта краіны шэсць дзён таму, 10 лістапада. Ён змяніў на пасадзе Марціна Віскару, якога абвінавачваюць у атрыманні хабараў.
Патрабаванне адхіліць Мэрыно дэ Ламу з пасады выкліканае смерцю двух удзельнікаў пратэстаў, якія пачаліся ў Пэру ў панядзелак. Як паведамляе La Republica, 14 лістапада падчас сутыкненняў з нацыянальнай паліцыяй у Ліме загінулі двое маладзёнаў.
Пасля гэтага 13 сябраў пэруанскага кабінета міністраў адмовіліся працаваць з Мэрыно дэ Ламам і заявілі аб сваім звальненні. Сярод іх міністры аховы здароўя, сельскай гаспадаркі, юстыцыі, эканомікі, культуры, гандлю і турызму, адукацыі, энэргетыкі, абароны, а таксама кіраўнік МУС.