Сяброў пры ўладзе ў Лукашэнкі становіцца ўсё менш
- 16.11.2020, 10:07
Не спраўдзіўся яшчэ адзін прагноз дыктатара.
Новым прэзідэнтам Малдовы становіцца прыхільніца еўрапейскай інтэграцыі Мая Санду, якая ўпэўнена перамагае прарасейскага Ігара Дадона, піша «Салiдарнасць».
У пятніцу, 13 лістапада, Аляксандр Лукашэнка зрабіў свой прагноз:
– Я ўпэўнены, што Ігар пераможа на гэтых выбарах, я так думаю. Не таму, што ён мой сябар. Таму што народ Малдовы – вельмі прагматычныя людзі.
Лукашэнка «тапіў» за Дадона напоўніцу і, магчыма, «утапіў» яго. Нельга выключаць, што заўзятая падтрымка ад дыктатара адабрала ў ягонага сябра пэўны адсотак галасоў.
Лукашэнка заяўляў, што перамога Дадона будзе прарывам для Малдовы і заклікаў яе грамадзянаў «не ламаць краіну». Але «прагматычныя людзі» прагаласавалі за апазіцыянерку Маю Санду, якая пасля падліку 99% бюлетэняў у лідарках, набраўшы блізу 57% галасоў выбарнікаў.
У апошні час амаль усе кандыдаты ў прэзідэнты, якім Аляксандр Лукашэнка зычыць поспехаў, церпяць паразу. Так Пётр Парашэнка быў разгромлены на выбарах Уладзімірам Зяленскім («Я ўсё ж такі схільны думаць, што на гэтых прэзідэнцкіх выбарах пераможа Парашэнка», – заяўляў Лукашэнка ўжо пасля першага тура, у якім дзейны прэзідэнт Украіны набраў усяго 15% галасоў).
А зусім нядаўна, 24 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка ў размове з амерыканскім Дзяржсакратаром Майкам Пампэа заявіў, што ў Беларусі ўважліва назіраюць за палітычнай кампаніяй у ЗША, пасля чаго пажадаў поспехаў у яе правядзенні ў цэлым і асабіста Дональду Трампу. Вынік вядомы: пераможцам стаў Джо Байдэн.
Так што «сяброў» пры ўладзе ў Лукашэнкі становіцца ўсё менш.