BE RU EN

ЕЗ паскорана рыхтуе новы пакет санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі

  • 16.11.2020, 12:20

Брусэль даў «зялёнае святло» трэцяму пакету абмежавальных захадаў.

Еўразвяз паскорыў падрыхтоўку новых санкцыяў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі пасля смерці ад збіцця ў Менску Рамана Бандарэнкі.

Пра гэта са спасылкай на крыніцы паведаміў карэспандэнт «Радыё Свабода» Рыкард Джозвяк, піша «Еўрапейская праўда».

«Міністры замежных справаў ЕЗ маюць намер даць зялёнае святло трэцяга пакету санкцый ЕЗ у дачыненні да Беларусі на відэаканферэнцыі ў чацвер. Забойства Бандарэнкі паскорыла працэс», – напісаў журналіст у сваім Twitter.

На мінулым тыдні Еўразвяз выказаў абурэнне і папярэдзіў рэжым у Менску пра новыя санкцыі праз смерць Бандарэнкі.

«12 лістапада 31-гадовы Раман Бандарэнка памёр пасля некалькіх гадзінаў аперацыі ў лякарні Менска ў выніку сур'ёзных траўмаў, атрыманых, паводле наяўных звестак, праз жорсткасць міліцыянтаў у цывільным. Гэта абуральны і ганебны вынік дзеянняў беларускіх уладаў», – адрэагаваў ЕЗ на смерць актывіста.

ЕЗ ужо двойчы пашыраў санкцыйны спіс у дачыненні да Беларусі пасля жнівеньскіх выбараў прэзідэнта. Сярод іншага ЕЗ увёў санкцыі ў дачыненні да 55 асобаў, вінаватых у гвалтоўных рэпрэсіях і запалохваннях, у тым ліку супраць Лукашэнкі.

Дэталі трэцяга пакета, які разгледзяць міністры на гэтым тыдні, пакуль невядомыя.

Нагадаем, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў заклікаў да жорсткіх санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.

Апазіцыйны палітык прапанаваў:

– адключыць рэжым ад міжнароднай міжбанкаўскай сістэмы SWIFT;

– замарозіць рахункі дзяржаўных прадпрыемстваў за мяжой;

– спыніць закупкі нафтапрадуктаў, вырабленых у Беларусі;

– увесці эмбарга на любыя ўгоды з кампаніямі, якія падтрымліваюць рэжым;

– абвесціць карныя органы Лукашэнкі тэрарыстычнымі арганізацыямі;

– санкцыянаваць арышт у любым пункце свету міжнароднымі і нацыянальнымі судамі асобаў, вінаватых у злачынствах рэжыму;

– выслаць усіх паслоў рэжыму як памагатых злачынстваў.

Апошнія навіны