BE RU EN

РНПЦ «Маці і дзіця» не прадоўжыў кантракт з вядомым дзіцячым рэаніматолагам Андрэем Вітушкам

  • 16.11.2020, 12:32

Аднаго з найлепшых дзіцячых рэаніматолагаў краіны затрымлівалі ў жніўні.

РНПЦ «Маці і дзіця» не будзе прадаўжаць кантракт з вядомым дзіцячым рэаніматолагам, кандыдатам навук Андрэем Вітушкам, якога затрымлівалі ў жніўні. Тады лекары выходзілі на акцыю салідарнасці з ягонымі плакатамі, піша tut.by.

– РНПЦ «Маці і дзіця» прыняў пастанову з кандыдатам медыцынскіх навук, магістрам гуманітарных навук, доктарам найвышэйшай катэгорыі з амаль 20-гадовым стажам не прадаўжаць кантракт, – напісала ў фэйсбуку Крысціна Вітушка, жонка лекара. – «У нас шмат лекараў», – заявіў акрэсцінскі вертухай, калі некалькі дзясяткаў зняволеных, рызыкуючы зноў быць пабітымі, спрабавалі патлумачыць абсурднасць затрымання Андрэя Вiтушкi. Дзясяткі, калі не сотні калег і пацыентаў ладзілі ў жніўні стыхійныя акцыі ў падтрымку. Калегі ў лякарні заявілі, што не выйдуць на працу, калі Андрэя звольняць. І не звольнілі. Тады не звольнілі. Паглядзелі на дату заканчэння кантракта і пастанавілі проста пачакаць.

Паводле словаў Крысціны Вітушкі, апавяшчэнне пра непадаўжэнне кантракту даслалі поштай, потым а 7 раніцы, пасля начной змены лекара з выездам да кавідных дзяцей, прыйшлі пераканацца, што дакумент ён падпісаў.

Кантракт заканчваецца ў сярэдзіне снежня.

Нагадаем, вечарам 10 жніўня ля Цэнтральнага РУУС былі затрыманыя дзіцячы рэаніматолаг Андрэй Вітушка і аналітык Крысціна Вітушка, яны шукалі там свайго няпоўнагадовага сына Мірона, якога незадоўга да гэтага на вачах маці павезлі як мяркуецца, супрацоўнікі АМАПу. Андрэй і Крысціна знаходзіліся ў ЦІП на Акрэсціна. Крысціну адпусцілі блізу 5 гадзіны раніцы 13 жніўня, 14 жніўня адпусцілі і Андрэя Вітушку.

З партрэтамі Андрэя Вітушкі і плакатамі пра тое, каб яго вызвалілі, цягам двух дзён на акцыі салідарнасці выходзілі медыцынскія супрацоўнікі да Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта. Андрэй Вітушка ўважаецца адным з найлепшых дзіцячых рэаніматолагаў краіны.

Апошнія навіны