BE RU EN

Гісторыя муляра «БелАЗа», які страйкуе

  • 16.11.2020, 14:08

29-гадовы Аляксандр Марозаў з Жодзіна расказаў пра свае матывы пратэставаць.

Аляксандр Марозаў, 29 гадоў, Жодзіна

Ужо 11 гадоў Аляксандр працуе мулярам у цэху БСК-800 на «БелАЗе». Работа яму падабаецца, ён мае выдатныя стасункі ў калектыве і добры заробак, паведамляе «Белсат». Да страйку Аляксандр далучыўся 11 лістапада, але думкі пра страйк былі яшчэ з 26 кастрычніка.

«26 кастрычніка мы выйшлі на плошчу на тэрыторыі прадпрыемства, каб выказаць незадаволенасць несправядлівымі выбарамі, на якіх скралі нашы галасы. Мы хацелі дыялогу з кіраўніцтвам, але дачакаліся толькі пагроз ад начальніка аховы - ён абяцаў, што нас будуць збіваць, што мы будзем хадзіць з сінімі азадкамі. Такі вось дыялог».

26 кастрычніка на плошчу выйшлі 9 супрацоўнікаў «БелАЗа». Усіх разагналі. Траіх амаль адразу звольнілі, астатнія, уключаючы Аляксандра, былі пакараныя матэрыяльна.

І ўсё ж 11 лістапада Аляксандр пайшоў на працу з паведамленнем для кіраўніцтва аб пачатку забастоўкі. Галоўныя патрабаванні, як і ў працоўных на іншых заводах - адстаўка Лукашэнкі, сумленныя выбары, вызваленне палітвязняў, спыненне гвалту з боку сілавых структур.

«Я ўбачыў, што іншыя супрацоўнікі заводу ўсё ж абвясцілі страйк. Гэта і падштурхнула, дапамагло наважыцца. Для мяне асабіста пастанова была няпростай, баяўся, як і ўсе, але пераадолеў гэты страх. На працы не ведалі, што рабіць з маім паведамленнем. Проста прынялі яго і нічога не сказалі. Пасля патэлефанавалі з аддзела кадраў і перапыталі, ці праўда, што цяпер я з лістком непрацаздольнасці», - распавядае Аляксандр.

Мужчына і праўда з 9 да 13 лістапада знаходзіўся на бальнічным з дыягназам прастуда. З 14 лістапада Аляксандр збіраецца прыходзіць на месца працы, каб не палічылі прагулам, але працаваць не будзе. Аляксандр кажа, што стаміўся чытаць аб збіцці мірных людзей. Мужчына хоча, каб гвалт у Беларусі спыніўся. На ягоную думку, менавіта страйк можа гэтаму паспрыяць.

«Але забастоўка павінна быць агульнай. Трэба, каб на «БелАЗе» хоць бы 500 чалавек да яе далучыліся. Тады падзейнічае. Ну, а калі не забастоўка, то ўжо нічога не дапаможа», - мяркуе Аляксандр.

АЛЯКСАНДР МАРОЗАЎ

Аляксандр кажа, што ягоную пастанову падтрымалі толькі незнаёмыя людзі ў сацыяльных сетках. Яны пісалі яму: «Малайчына!» і г.д. А калегі, бацькі, сябры - не адобрылі. Са слоў Аляксандра, многія галасавалі за Святлану Ціханоўскую і падтрымліваюць перамены, але адкрыта не могуць пра гэта заявіць: напэўна, баяцца згубіць працу, бо ў кожнага сям'я і дзеці.

Калі пры дапамозе страйку ці іншых метадаў не ўдасца змяніць уладу, Аляксандр гатовы да пераезду нават у іншую краіну.

Фото: Ирина Ареховская / Belsat.eu

Апошнія навіны